У студзені-лютым 2024 году ў Беларусі было 1134 стратныя арганізацыі, а сума іх чыстых стратаў склала амаль 1,4 мільярды беларускіх рублёў, сьведчыць статыстыка Белстату.
Паводле статыстыкі, у студзені-лютым 2024 году 19% арганізацый Беларусі былі стратнымі. У параўнаньні з аналягічным леташнім пэрыядам, колькасьць стратных арганізацый павялічылася на 19, аднак пры гэтым сума стратаў за гэты пэрыяд павялічылася на 76,9%.
Калі аналізаваць колькасьць стратных арганізацый паводле відаў эканамічнай дзейнасьці, у лідэрах — прамысловасьць: за першыя два месяцы 2024 году ў Беларусі налічвалася 309 стратных прамысловых прадпрыемстваў. Сума іх чыстых стратаў у студзені-лютым 2024 году ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам 2023 году павялічылася ў 2,4 раза і склала 887,9 млн рублёў.
На другім месцы па колькасьці стратных арганізацый — сфэра «аптовы і розьнічны гандаль; рамонт аўтамабіляў і матацыклаў». На студзень-люты 2024 году ў гэтай сфэры налічвался 204 стратных арганізацый, сума чыстых стратаў склала 136,5 млн рублёў (на 7,7% менш, чым у студзені-лютым мінулага году).
На трэцім месцы — сфэра будаўніцтва. У студзені-лютым 2024 году ў Беларусі было 180 стратных будаўнічых арганізацый, у параўнаньні з аналягічным пэрыядам 2023 году іх колькасьць павялічылася на 9,2%. Сума іх стратаў за студзень-люты 2024 склала амаль 50 млн рублёў.
За названы пэрыяд не было стратных арганізацый толькі ў сфэры фінансавай і страхавой дзейнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Страты за год — 40 мільёнаў. Што адбываецца з прадпрыемствамі, якім дзяржава дае субсыдыі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За 3 гады страты заводу вырасьлі ў 27 разоў. Што з прадпрыемствамі, якімі апекаваўся Лукашэнка