12-гадовы футбаліст зь Беларусі Аляксей Маёраў, які цяпер абараняе колеры моладзевага складу гішпанскай «Серданьёлы», у хуткім часе будзе выступаць за мадрыдзкі «Рэал», паведамляе гішпанскае спартыўнае мэдыя Marca.com. Увагу на публікацыю зьвярнула Reform.news.
Гішпанскае выданьне сьцьвярджае, што «Барсэлёна» доўга спрабавала пераканаць сям’ю Аляксея Маёрава, што лёс хлопчыка — гуляць за іх. Хлопчыка нават запрасілі паглядзець матч бягучага сэзону на хатні стадыён «Барсэлёны» ў VIP-ложу.
«Але і сам хлопчык, і ягонае асяродзьдзе ўпэўненыя, што яго будучыня — за мадрыдзкім «Рэалам», — піша Marca.com.
Паводле выданьня, цяпер мадрыдзкі клюб вырашае пытаньні з дакумэнтамі Аляксея Маёрава, бо «вельмі ўважліва ставіцца да дэталяў, перш чым падпісаць непаўналетняга», але няма ніякіх праблем з прычыны ягонага ўзросту ці паходжаньня, бо яго пражываньне ў Гішпаніі азначае, што зьмена каманды можа адбыцца без праблем, гаворыцца ў матэрыяле.
У студзені трэнэр у прыватнай менскай акадэміі «Арсенал» Мікалай Рындзюк заяўляў, што «Рэал Мадрыд» плянуе купіць беларускага футбаліста за 120 тысяч эўра.
«Ёсьць брыльянтыкі. Адзін зараз далёка, знаходзіцца ў Барсэлёне. Зваць яго Аляксей Маёраў, калі бачылі і чулі [такога]. Зь яго бацькам мы вырасьлі разам. Нядаўна стэлефаноўваліся. Тамака вельмі шмат па ім інфармацыі. Цяпер, па-мойму, „Рэал“ Мадрыд купляе [Аляксея] за 120 тысяч эўра», — казаў ён у інтэрвію YouTube-каналу «На банке».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі футбаліст, які адмовіўся гуляць у зборнай пры Лукашэнку, перайшоў у польскі клюб