Польскае аб'яднаньне прадпрымальнікаў Zjednoczony Wschód («Абʼяднаны Усход») зьвярнулася да дэпутатаў Сэйма з патрабаваньнем адкрыць пункты пропуску на мяжы зь Беларусьсю, паведамляе Wyborcza.
У адваротным выпадку абʼяднаньне прапануе адкрыць праграму падтрымкі памежнага бізнэсу, які нясе страты з прычыны закрыцьця мяжы.
Паводле абʼяднаньня, турысты зь Беларусі штогод пакідалі ў Польшчы 124 млн эўра, адпаведна, у такую суму цяпер ацэньваюцца страты рэгіянальнага бізнэсу.
Сэнатар зь Беластоку Мацей Жыўна назваў несправядлівым у дачыненьні да падляскага бізнэсу закрыцьцё пераходаў толькі ў гэтым ваяводзтве. Ён мае намер зьвярнуцца ў Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы з просьбай разгледзець магчымасьць узнаўленьня руху ў пункце пропуску ў Падляскім ваяводзтве.
- Пасьля палітычна матываванага прысуду журналісту, актывісту неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі Анджэю Пачобуту (8 гадоў пазбаўленьня волі) 10 лютага 2023 года Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных для падарожнікаў пунктаў пропуску – Баброўнікі (зь беларускага боку Бераставіца).
- На мяжы Беларусі і Польшчы ёсьць шэсьць пунктаў пропуску: грузапасажырскія – Брузгі (з польскага боку – Кузьніца-Беластоцкая), Бераставіца (Баброўнікі), Пясчатка (Полаўцы), Дамачава (Славатыча); грузавы – Казловічы (Кукурыкі); пасажырскі – Берасьце (Цярэспаль).
- Рух у Брузгах быў прыпынены на нявызначаны тэрмін 9 лістапада 2021 г., яшчэ раней, у сакавіку 2020, быў закрыты пераход Пясчатка.
- Цяпер на мяжы з Польшчай для легкавых аўто адкрыты пункт пропуску Берасьце (Цярэспаль) з прапускной здольнасьцю 1.700 аўтамабіляў, для грузавых – Казловічы (Кукурыкі), разьлічаны на 1.200 адзінак транспарту за суткі.