Творы Дуніна-Марцінкевіча выключылі са сьпісу «экстрэмісцкіх» матэрыялаў

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Фотакаляж

Летась у лістападзе збор твораў клясыка беларускай літаратуры Вiнцэнта Дунiн-Марцiнкевiча прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Аднак 11 сакавіка 2024 году гэтае рашэньне адмяніў Гомельскі абласны суд, заўважыла «Вясна Брэст».

8 лістапада суд Жыткавіцкага раёну прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» двухтамовы збор твораў Дунін-Марцінкевіча «Драматычныя творы, вершаваныя аповесьці і апавяданьні», выдадзены ў 2007–2008 гадах дзяржаўным выдавецтвам «Мастацкая літаратура».

Аднак у сёньняшняй вэрсіі «сьпісу экстрэмісцкіх матэрыялаў» замест кніг напісана «адменена», і ўдакладняецца: рашэньне раённага суду адмяніў прэзыдыюм Гомельскага абласнога суду 11 сакавіка 2024 году.

На сёньня гэта першы і адзіны выпадак, калі ўлады адмянілі рашэньне аб прызнаньні чаго-небудзь «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Больш такіх прыкладаў у сьпісе няма, адзначаюць праваабаронцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Патрыёт роднага краю», «мужны глядыятар». Што раней пісалі дзяржаўныя СМІ пра Дунін-Марцінкевіча, творы якога прызналі экстрэмісцкімі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбраныя творы Геніюш, Някляева, Арсеньневай і іншых аўтараў трапілі ў сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў»