24 красавіка затрымалі эвангельскага прапаведніка Мікалая Хілу, піша «Хрысьціянская візія». Мужчына знаходзіцца на Акрэсьціна.
Прычыны і нагоды да затрыманьня невядомыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нясе пагрозу Рэспубліцы Беларусь». У Кобрыні затрымалі яшчэ аднаго грамадзяніна ЎкраіныДыджэя з Украіны, які жыў у Кобрыні, абвінавачваюць у агентурнай дзейнасьці
Берасьцейскі абласны суд 29 красавіка разгледзіць справу супраць 25-гадовага дыджэя-ўкраінца Арцёма Макавея. Яго абвінавачваюць у агентурнай дзейнасьці (артыкул 358-1 КК), інфармацыю пра гэта ў раскладзе судоў заўважыла «Наша ніва».
Пра арышт Арцёма Макавея ў сакавіку 2023 году яго маці Іна паведаміла блогу «Галасы» .
Арцёму 24 гады, ён працаваў дыджэем, езьдзіў з выступамі па Беларусі. Па словах маці, Арцём жыў у Кобрынскім раёне з 2009 году, меў дазвол на жыхарства.
Іна Макавей расказала, што ў студзені 2023 году сына выклікалі ў міграцыйную службу і «прапаноўвалі там прайсьці паліграф». Паводле яе, Арцём сам не разумеў, за што яго выклікалі, казаў, што ня меў ніякіх праблем з законам. У канцы студзеня да яго стукалі ў дзьверы незнаёмыя ў цывільным. 27 студзеня Арцём зьнік, перастаў адказваць маці на паведамленьні. Доўгі час пра яго перасьлед нічога не было вядома.
Цяпер імя Арцёма Макавея зьявілася ў раскладзе судоў. Вінавацяць мужчыну па артыкуле 358-1 Крымінальнага кодэксу (агентурная дзейнасьць).
Макавею пагражае ад 3 да 7 гадоў калёніі.
Беларускія суды прызналі «экстрэмісцкімі» фатаздымкі добраахвотніка Паўла Кулажэнкі і песьню сьпевака AP$ENT
Суд Лідзкага раёна прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» Instagram-акаўнт «vikingmma» — блогера і добраахвотніка Паўла Кулажанкі. Таксама пазначана, што «экстрэмісцкім» прызнаны і лягатып акаўнту, «які зьяўляецца фатаздымкам Кулажанкі Паўла Аляксандравіча, 5 студзеня 1984 года нараджэньня, які ўключаны ў сьпіс асоб, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці».
У сваю чаргу суд Гомельскага раёну 22 красавіка прызнаў «экстрэмісцкім» твор сьпевака AP$ENT «Песенка весёлого белоруса».
Песьня выйшла ў чэрвені 2020 году і мае больш за 500 тысяч праслухоўваньняў толькі на афіцыйнай Youtube-старонцы сьпевака.
Былой журналістцы Catholic.by Аксане Ючкавіч прысудзілі 3 гады «хатняй хіміі»
Суд Фрунзэнскага раёну Менску пакараў былую журналістку Catholic.by Аксану Ючкавіч 3 гадамі «хатняй хіміі» за «грубае парушэньне парадку» (артыкул 342 КК), паведамляе «Хрысьціянская візія». Яе вызвалілі ў зале суду. Падрабязнасьці справы невядомыя.
Сілавікі затрымалі Ючкавіч 23 студзеня. Трэцяга лютага стала вядома, што супраць жанчыны распачалі крымінальную справу. Яна знаходзілася ў сьледчай турме № 8 у Жодзіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 25 красавіка: беларусаў завочна асудзілі за ўдзел у пратэстах; за рэпост у сацсетках вяскоўца адправілі ў калёнію ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 23 красавіка: затрымалі беларуса за камэнтары пра памерлага міліцыянта, які камандаваў разгонам пратэстаў у ПінскуШто такое «хімія» і «хатняя хімія»
«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».
Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.
«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.
«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.
Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.
10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах