Камітэт правоў чалавека ААН зарэгістраваў яшчэ адну скаргу на вырак за ўдзел беларускі ў акцыях пратэсту ў 2020 годзе

Акцыя пратэсту ў Гомлі ў 2020 годзе. Ілюстрацыйнае фота

Рада правоў чалавека ААН (РПЧ) на пасяджэньні 4 красавіка ў Жэнэве пастанавіла працягнуць на адзін год мандат Анаіс Марэн, спэцыяльнай дакладчыцы аб правах чалавека ў Беларусі.

Праваабарончая арганізацыя «Вясна» паведаміла, што Камітэт правоў чалавека ААН прыняў для разгляду чарговую скаргу грамадзянкі Беларусі на крымінальны перасьлед за ўдзел у акцыях пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе.

Як адзначаецца на сайце праваабарончай арганізацыі, скаргу падалі на парушэньне артыкулаў 9(1), 19 (2) і 21 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

«Насамрэч крымінальная справа за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту — гэта нашмат больш відавочнае парушэньне свабоды мірных сходаў, чым адміністрацыйная. У скарзе мы падкрэсьлівалі, што ня толькі факт крымінальнага перасьледу, але і затрыманьне праз больш чым год пасьля падзей, утрыманьне ў ІЧУ, абвінаваўчы прысуд і спагнаньне шкоды — усё гэта парушае права на мірныя сходы і права выказваць сваю думку такім чынам. Таксама адзначу, што затрыманьне заяўніцы ў дадзеным выпадку зьяўляецца адвольным», — пракамэнтавала юрыстка «Вясны» Сьвятлана Галаўнёва, якая дапамагала афармляць зварот.

Прозьвішча заяўніцы ў арганізацыі не назвалі. У паведамленьні адзначаюць, што супраць яе больш як праз год пасьля падзей завялі крымінальную справу паводле ч. 1 артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу («Актыўны ўдзел у дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак»). Беларуску затрымалі і зьмясьцілі ў ізалятар, але потым выпусьцілі да суду. У выніку суд прызначыў пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі і пастанавіў спагнаць кампэнсацыю шкоды, нанесеную «Мінсктрансу» шляхам блякаваньня дарогі.

У кастрычніку 2022 году ўлады Беларусі дэнансавалі Факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, што спыняе магчымасьць падаваць скаргі ў Камітэт правоў чалавека на парушэньні ўладамі Беларусі норм Пакту. Але гэта не спыняе разгляду пададзеных раней скаргаў і абавязаньня ўладаў выконваць абавязкі, прадугледжаныя Пактам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Камітэт правоў чалавека ААН зарэгістраваў зварот экс-палітвязьня зь Беларусі Зьмітра Фурманава

Сёлета ў красавіку Камітэт правоў чалавека ААН зарэгістраваў індывідуальны зварот супраць Беларусі былога палітзьняволенага, сябра ініцыятыўнай групы па вылучэньні Сьвятланы Ціханоўскай на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году Зьмітра Фурманава

Рада правоў чалавека ААН (РПЧ) на пасяджэньні 55-й сэсіі ў Жэнэве 4 красавіка 24 галасамі «за» пры 6 «супраць» і 17 тых, хто ўстрымаўся, прыняла рэзалюцыю «Становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі». У ліку іншага, Рада пастанавіла працягнуць мандат Анаіс Марэн — спэцыяльнай дакладчыцы аб правах чалавека ў Беларусі — на адзін год.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рада правоў чалавека ААН падоўжыла мандат спэцдакладчыцы аб Беларусі