«Падчас візыту абмяркоўвалася кола пытаньняў, якія тычацца двухбаковага парадку дня з акцэнтам на гуманітарнае супрацоўніцтва; абмяркоўвалася ўзаемадзеяньне ў міжнародных арганізацыях», — цытуе чыноўніка ТАСС, журналіст якога задаў адпаведнае пытаньне.
Аб прыбыцьці Шастакова і «суправаджаючых яго асоб» у Пхэньян 16 красавіка паведаміла мясцовае інфармагенцтва ЦТАК. Падрабязнасьці не прыводзіліся. Да заявы кіраўніка МЗС ведамства пра гэты візыт нават ня ўзгадвала.
18 студзеня Алейнік абмеркаваў з намесьнікам міністра замежных спраў Паўночнай Карэі Кім Сон Гёнам паглыбленьне супрацоўніцтва. Гэта адбылося на палях саміту Руху недалучэньня ў Кампале (Уганда).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўнік МЗС Беларусі прыбыў зь візытам у Паўночную КарэюАляксандар Лукашэнка, віншуючы 9 верасьня 2023 году кіраўніка Паўночнай Карэі Кім Чэн Ына з Днём утварэньня КНДР, заявіў, што «кантакты Менску і Пхеньяна ў розных галінах працягнуць умацоўвацца, уносячы важкі ўклад у пабудову больш справядлівага і бесканфліктнага сьвету, набліжаючы пераход міжнароднай сыстэмы да шматпалярнага парадку».
На перамовах з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным 15 верасьня ў Сочы Лукашэнка выказаў меркаваньне, што РФ, Беларусь і КНДР маглі б «падумаць аб супрацоўніцтве недзе на траіх».
Як адзначыў у камэнтары для «Позірку» адстаўны беларускі дыплямат, які пажадаў застацца неназваным, візыт Шастакова ў Пхэньян можна разглядаць як спробу Менску рушыць наперад у разьвіцьці трохбаковых адносін з Расеяй і Паўночнай Карэяй.
«Усё, што мы бачым публічна, — гэта толькі вярхушка айсбэрга, і ня факт, што ў згаданым трыё Беларусь грае хаця б другую скрыпку. Беларускія інтарэсы хоць і ўлічваюцца, але, хутчэй за ўсё, у апошнюю чаргу. Можа, і з прычыны гэтага нежаданьне МЗС Беларусі афішаваць цалкам сабе працоўны візыт Шастакова ў Пхэньян нагадвае дзіўную спробу ўтаіць шыла ў мяшку», — адзначыў экспэрт.
Галоўны дарадца дэмакратычнага лідэра Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка, камэнтуючы візыт Шастакова ў Паўночную Карэю, адзначыў іранічнасьць здарэньня і заклікаў да падтрымкі дэмакратычнай Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сталі вядомыя дэталі візыту ў КНДР намесьніка кіраўніка МЗС Беларусі