Польшча ініцыюе ўніфікацыю санкцый супраць Беларусі і Расеі, каб перашкодзіць іх абыходу

Міністар замежных спраў Польшчы Радослаў Сікорскі прадставіў у парлямэнце прыярытэты зьнешняй палітыкі краіны, 25 красавіка 2024

Польшча дапамагаецца новых санкцый супраць Беларусі за падтрыманьне расейскай вайны ва Ўкраіне.

Міністар замежных спраў Польшчы Радослаў Сікорскі заявіў, што ў часе старшынёўства краіны ў Эўразьвязе прыярытэтам будзе ўніфікацыя санкцый, уведзеных супраць Расеі і Беларусі, каб перашкодзіць іх абыходу.

«Важным інструмэнтам у барацьбе з агрэсарам (Расеяй. — РС) зьяўляюцца эфэктыўныя санкцыі, уведзеныя Эўразьвязам. Мы таксама дамагаемся прымяненьня дадатковых санкцый ЭЗ супраць Беларусі. Яны павінны быць сынхранізаваныя з расейскімі, што абмяжуе магчымасьць іхнага абыходу», — заявіў Радослаў Сікорскі, прадстаўляючы ў парлямэнце Польшчы прыярытэты зьнешняй палітыкі краіны.

Паводле яго, у часе старшынёўства Польшчы ў Эўразьвязе, якое пачнецца з пачатку 2025 году, дзейнасьць будзе накіравана на ўмацаваньне трансатлянтычнай супольнасьці. «Нам патрэбная эфэктыўная каардынацыя ў трох кірунках: дапамога Украіне, павышэньне бясьпекі і санкцыі супраць Расеі і Беларусі», — падкрэсьліў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Польшчы Дуда заклікаў Захад узбройвацца, каб стрымаць расейскую агрэсію

Радослаў Сікорскі перакананы, што ў інтарэсах нацыянальнай бясьпекі Польшчы — трымаць агрэсара як мага далей ад мяжы. «Таму ў гэтай вайне павінна выйграць сувэрэнная Ўкраіна», — дадаў ён. [...]

«На жаль, узмацненьне васалізацыі Беларусі з боку Расеі азначае, што мы мусім разглядаць гэтую краіну як пагрозу бясьпецы Польшчы. Цягам трох гадоў палітычнага крызісу працягваюцца парушэньні правоў чалавека, беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі, падтрымка расейскай агрэсіі супраць Украіны, правакаваньне міграцыйнага крызісу — усё гэта стварае сур’ёзную пагрозу для ўсяго рэгіёну. Мы засмучаныя сытуацыяй у краіне, зь якой нас абʼядноўвае шматвяковая агульная гісторыя і моцныя культурныя сувязі», — заявіў міністар замежных спраў Польшчы.

Радослаў Сікорскі выказаў заклапочанасьць становішчам у Беларусі польскай нацыянальнай суполкі, якая стала «закладнікам рэжыму».

«Поўную адказнасьць за найгоршы ў гісторыі стан дачыненьняў нясуць беларускія ўлады. У мінулым усе ўрады Польшчы імкнуліся да дыялёгу. Сёньня мы страцілі надзею. [...] Калі Аляксандар Лукашэнка хоча вярнуць сабе прастору для ажыцьцяўленьня палітыкі паміж Расеяй і Захадам, ён павінен найперш паказаць, што мае нейкую аўтаномію», — заявіў польскі міністар.

У той жа час Радослаў Сікорскі падкрэсьліў, што Польшча будзе дабівацца вызваленьня вядомага журналіста, грамадзкага дзеяча і сябра незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі Анджэя Пачобута. «У сакавіку споўнілася тры гады з дня арышту, а ў лютым — год ад скандальнага прысуду Анджэю Пачобуту, да васьмі гадоў турмы. Мы нязьменна патрабуем вызваленьня», — дадаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міхнік — Пачобуту: Веру, неўзабаве мы пагуляем па Горадні

Радослаў Сікорскі адзначыў, што Польшча будзе падтрымліваць беларускія грамадзкія арганізацыі, супрацоўнічаць з дэмакратычнай апазыцыяй, а таксама фінансаваць вяшчаньне тэлеканалаў TVP World на беларускай, англійскай, нямецкай, украінскай і расейскай мовах, каб супрацьстаяць расейскай прапагандзе.