Асуджаны на «хатнюю хімію» фотажурналіст Аляксандар Васюковіч выехаў зь Беларусі

Аляксандар Васюковіч пасьля вызваленьня з ізалятару на Акрэсьціна ў Менску ў верасьні 2020 году, архіўнае фота

Вядомы беларускі фотажурналіст Аляксандар Васюковіч сёлета ў студзені быў асуджаны на 3 гады абмежаваньня волі за нібыта ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе, якія ён асьвятляў, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

У 2020 годзе Аляксандра Васюковіча некалькі разоў затрымлівалі і судзілі ў адміністрацыйных справах, а ўвосень 2023 году затрымалі па крымінальным абвінавачаньні і зьмясьцілі ў сьледчы ізалятар № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.

18 студзеня 2024 году судзьдзя Юлія Крэпкая асудзіла журналіста на 3 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову (так званая «хатняя хімія»).

Асьцерагаючыся далейшага перасьледу, Аляксандар Васюковіч выехаў зь Беларусі і цяпер знаходзіцца ў бясьпецы. У эвакуацыі яму дапамагаў Фонд салідарнасьці BySol.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За кратамі, бо журналісты
  • Цяпер за кратамі ў Беларусі застаюцца 35 журналістаў і прадстаўнікоў незалежных мэдыя, паводле БАЖ.
  • Практычна ўсе незалежныя мэдыя і мэдыяарганізацыі ў Беларусі прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі»: «Белсат», БелаПАН, «Еўрарадыё», TUT.BY, Kyky.org, «Наша Ніва», «Радыё Свабода», «Хартыя’97», «Флагшток», Hrodna.life, Volkovysk.by, «Маланка Медыя», «Бобруйск Online», «Брестская газета», Беларуская асацыяцыя журналістаў, «МОСТ», «Люстэрка», «Ранак», Беларускі расьсьледніцкі цэнтар, «Tribuna.com Беларусь», Ex-press.livе, 6TV Bielarus, «Магілёў. Media», «Навіны Магілёўскага рэгіёну», «Беларускае Радыё Рацыя», «Штодзень».
  • Паводле БАЖ, ня менш за тры сотні супрацоўнікаў беларускай мэдыйнай сфэры пасьля падзей 2020 году выехалі за мяжу, і большасьць працягвае працу ў СМІ ці іншых мэдыйных праектах. Умовы працы журналістаў ускладніліся.
  • Экспэрты ў мэдыясфэры і галоўныя рэдактары незалежных беларускіх мэдыя выказваюць асьцярогі, што праз адсутнасьць сродкаў да траціны беларускіх мэдыяпраектаў могуць закрыцца ці трансфармавацца ў іншыя, менш затратныя формы. І прагназуюць, што 2024 год будзе самым складаным у фінансавым пляне для беларускіх незалежных СМІ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта прывядзе да зьнікненьня». Рэдактары і мэдыяэкспэрты расказваюць пра сытуацыю, у якой апынуліся незалежныя СМІ