Аляксандар Лукашэнка заявіў, што асноўная рызыка для нацыянальнай бясьпекі Беларусі — вайна ва Ўкраіне і абвінаваціў ЗША ў намеры ўцягнуць Беларусь у гэты канфлікт. Пры гэтым Лукашэнка не згадаў, што вайну ва Ўкраіне вядзе Расея і ён сам цалкам падтрымаў ваенную агрэсію Пуціна.
«Сёньня пагаворым пра тое, якія сілы і сродкі нагнятаюць пагрозы нашай нацыянальнай бясьпецы. Асноўную рызыку стварае гарачы пункт у рэгіёне — вядома ж, Украіна. Вашынгтон робіць усё, каб уцягнуць у канфлікт нашу краіну. Запусьціць мэханізм уцягваньня іншых дзяржаў, то бок паслабіць і заходні, і ўсходнеэўрапейскі рэгіёны», — працытавала Аляксандра Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.
25 красавіка на Ўсебеларускім народным сходзе абмяркоўваюць Канцэпцыю нацыянальнай бясьпекі.
Лукашэнка заявіў, што «Вашынгтон актывізаваў, пры гэтым істотна, захады ў праверцы гатоўнасьці да прымяненьня кампанэнтаў ядзернай трыяды ЗША. Разьмешчаную на тэрыторыі дзяржаў NATO тактычную ядзерную зброю мадэрнізуюць паскоранымі тэмпамі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Без сэнсацый. Яшчэ адна пасада Лукашэнкі і дэкарацыя замест новага цэнтру ўлады«Улічваючы цяперашнія рэаліі, трэба разумець, што сыстэма забесьпячэньня нацыянальнай бясьпекі аб’ектыўна ня можа застацца нязьменнай, у ёй зьявіцца новая тэма — ядзернае стрымліваньне. Тыя, хто падштурхнуў нас да гэтага, павінны пра гэта ведаць і цьвяроза глядзець на адназначныя наступствы сваіх, мякка скажам, неасьцярожных рашэньняў», — дадаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адбываецца яшчэ большая цэнтралізацыя, а транзыт улады толькі аддаляецца, — Казакевіч