З пачатку выбарчай кампаніі 2020 году праваабаронцы штодзённа фіксуюць факты рэпрэсіяў у Беларусі. Сытуацыя з парушэньнем правоў чалавека ў краіне дасюль застаецца катастрафічнай. Праваабаронцы «Вясны» падлічылі колькасьць «палітычных» затрыманьняў за першы квартал 2024 году.
Паводле зьвестак «Вясны», з 1 студзеня па 31 сакавіка ў Беларусі праваабаронцы зафіксавалі прынамсі 987 затрыманьняў, зь якіх траціна затрыманых — жанчыны.
Большасьць затрыманьняў прыпала на студзень — 406. Менавіта тады КДБ зрабіў масавы рэйд за прадуктовую дапамогу праз ініцыятыву INeedHelpBY. У 65 затрыманых ёсьць непаўналетнія дзеці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Атрымала прадукты для іншай экстрэмісцкай дзейнасьці». Як судзілі беларусаў, якія скарысталіся дапамогай ініцыятывы IneedHelpByТаксама праваабаронцам вядома пра сама меней 1602 суды ў адміністрацыйных справах за гэты час. Толькі ў лютым беларускія суды разглядзелі прынамсі 671 справу. У тым месяцы ўлады пачалі судзіць за «выкарыстаньне замежнай дапамогі для ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці» (арт. 24.15 КаАП). Гэты артыкул раней у Беларусі не выкарыстоўваўся.
Праваабаронцы адзначаюць, што ўсе лічбы могуць быць значна большымі, бо яны ня маюць усіх зьвестак аб рэпрэсіях.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускіх палітвязьняў будзе вызваляць прэзыдэнт зь іншым прозьвішчам, — праваабаронца Судаленка