Аляксандар Лукашэнка абраны старшынём VII Усебеларускага народнага сходу. Ягоным намесьнікам стаў Аляксандар Косінец.
Аднагалосна абраны прэзыдыюм УНС у складзе 13 чалавек, чые кандыдатуры былі ўключаныя ў бюлетэні для тайнага галасаваньня, піша БелТА.
Склад прэзыдыюму УНС:
- Вадзім Богуш, рэктар БДУІР, старшыня Рады рэктараў Беларусі;
- Аляксандар Бранцэвіч, гендырэктар УП «Віцебскаблгаз»;
- Канстанцін Бурак, кіраўнік Апарату Савету міністраў;
- Надзея Ермакова, дэлегат ад грамадзянскай супольнасьці;
- Уладзімер Каранік, старшыня Горадзенскага аблвыканкаму;
- Марына Лянчэўская, дэпутат Палаты прадстаўнікоў;
- Сяргей Палякоў, дырэктар РНПЦ анкалёгіі і мэдыцынскай радыялёгіі імя Аляксандрава;
- Сяргей Сівец, сэнатар;
- Руслан Страхар, намесьнік старшыні Магілёўскага аблвыканкаму;
- Ірына Тылец, старшыня Рэспубліканскай рады судзьдзяў;
- Дзьмітры Чарнякоў, дырэктар ААТ «Гомельскі хімічны завод»;
- Вольга Шпілеўская, старшыня Беларускага саюзу жанчын;
- Юры Шулейка, старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму.
Пачынаючы з 1996 году, у Беларусі прайшло шэсьць Усебеларускіх народных сходаў. Сёлета ў чарговым бяруць удзел 1200 чалавек. Траціна зь іх — дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, члены Савету Рэспублікі, прадстаўнікі выканаўчай і судовай улады. У поўным складзе ва УНС удзельнічаюць дэпутаты Менскага гарсавету. Рэшта — прадстаўнікі «канструктыўнай грамадзкасьці» — члены прафсаюзаў, саюзаў жанчын і вэтэранаў, партыі «Белая Русь» і БРСМ.
Паводле абноўленай рэдакцыі Канстытуцыі, УНС зьяўляецца «найвышэйшым прадстаўнічым органам народаўладзьдзя». Максымальная колькасьць дэлегатаў УНС — 1200, тэрмін іх паўнамоцтваў — пяць гадоў. Пасяджэньні УНС павінны праводзіцца не радзей як адзін раз на год.
Мяркуецца, што ЎНС будзе зацьвярджаць асноўныя кірункі ўнутранай і замежнай палітыкі, вайсковую дактрыну, канцэпцыю нацыянальнай бясьпекі, праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі; у яго будзе права заканадаўчай ініцыятывы, ён зможа прапаноўваць зьмены і дапаўненьні ў Канстытуцыю, разглядаць пытаньне пра легітымнасьць выбараў ды інш.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску зьбіраецца «Ўсебеларускі народны сход». Што ён можа зрабіць у тэорыі і на практыцы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галоўная інтрыга «Ўсебеларускага народнага сходу»