Белстат абнародаваў дадзеныя пра намінальныя налічаныя заробкі ў сакавіку па рэгіёнах і сфэрах занятасьці.
Сярэдні налічаны заробак склаў у мінулым месяцы 2161,1 рубля (665 даляраў у эквіваленце паводле курсу на канец сакавіка). За месяц ён павялічыўся на 134,5 рубля.
З налічаных заробкаў працаўнікі ў Беларусі выплачваюць 13% падатку на даход і 1% — абавязковы ўнёсак у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. То бок сярэдні заробак у сакавіку сёлета пасьля абавязковых вылікаў склаў каля 1858,5 рубля.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У студзені ў Беларусі зьнізіліся сярэднія заробкі, найбольш у ІТ. Расказваем, чаму так адбылося і што тармозіць эканомікуПа рэгіёнах самы высокі налічаны сярэдні заробак быў у Менску: 3005,4 рубля, самы нізкі — у Віцебскай вобласьці: 1782,8 рубля.
Самымі высокааплатнымі сфэрамі занятасьці ў мінулым месяцы былі «Інфармацыя і сувязь» (6012,5 рубля) і «Фінансавая і страхавая дзейнасьць» (3457,3 рубля), найменшы сярэдні налічаны заробак быў у сфэры адукацыі — 1505,9 рубля.