Акруговая пракуратура ў Седльцы (Мазавецкае ваяводзтва Польшчы) ініцыявала расьсьледаваньне па факце злоўжываньня паўнамоцтвамі і невыкананьня службовых абавязкаў пры ахове дзяржаўнай мяжы супрацоўнікамі памежнай аховы, паліцыі і іншых службаў у пэрыяд зь верасьня 2021-га па сакавік 2024 году на польска-беларускай мяжы.
Яно тычыцца выпадкаў вяртаньня іншаземцаў да лініі дзяржаўнай мяжы (так званая працэдура push-back), нягледзячы на іх заяву аб жаданьні атрымаць міжнародную абарону, а таксама вяртаньня да мяжы ўцекачоў у стане, які непасрэдна пагражаў іх здароўю і жыцьцю.
Расьсьледаваньне ініцыявалі пасьля адпаведнай заявы журналіста і актывіста, які працуе на польска-беларускай мяжы (яго імя пракуратура не называе).
Цяпер пракуроры праводзяць сьледзтва і вызначаюць колькасьць выпадкаў імавернага парушэньня законаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы зафіксавалі рэкордную колькасьць спробаў нелегальна перасячы мяжу зь Беларусі- Толькі за мінулы дзень, 23 красавіка, Памежная ахова Польшчы зафіксавала 218 спробаў парушэньня дзяржаўнай мяжы з боку Беларусі, служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы зафіксавала 6 такіх спробаў, Дзяржаўная памежная ахова Латвіі — 17.
- Ад пачатку красавіка Польшча, Літва і Латвія спынілі амаль ужо 5 тысяч спробаў парушэньня мяжы з боку Беларусі — практычна ўдвая больш, чым за аналягічны пэрыяд 2023 году, сьведчыць праведзены «Позіркам» аналіз статыстычных зьвестак памежных ведамстваў.
- За 23 красавіцкі дзень Польшча прадухіліла 4364 спробы незаконнага пранікненьня зь беларускай тэрыторыі — больш, чым за любы поўны месяц 2023 году.
- У 2024 годзе краіны Эўразьвязу зафіксавалі ўжо каля 9,8 тысячы такіх спробаў, у тым ліку Польшча — 8245.
- Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЭЗ цягнецца зь вясны 2021 году.
- У пачатку красавіка Памежная ахова Польшчы абвінаваціла беларускія ўлады ў стварэньні чэргаў на мяжы, патлумачыўшы павольны і пільны дагляд падарожнікаў на мяжы зь Беларусьсю «пагрозамі нелегальнай міграцыі», празь якія афіцэраў з пункту пропуску ў Тарэспалі перакідваюць на стрымліваньне мігрантаў у лясах.