Паводле Amnesty International у Беларусі у 2023 годзе:
- Па-ранейшаму жорстка абмяжоўвалі правы на свабоду выказваньня думак, аб’яднаньняў і сходаў.
- Рэлігійныя меншасьці сутыкаліся з дыскрымінацыяй.
- Сыстэму правасудзьдзя выкарыстоўвалі для задушэньня іншадумства. Катаваньні і іншыя віды жорсткага абыходжаньня былі шырока распаўсюджаныя, а выканаўцы заставаліся беспакаранымі.
- Уцекачы і мігранты былі аб’ектамі гвалту з боку ўладаў.
- Працягвалі выносіць сьмяротныя прысуды, але пра выкананьне пакараньняў не паведамлялі.
У справаздачы Amnesty International адзначаецца, што міжнародная ізаляцыя Беларусі паглыбілася, а яе суседзі па ЭЗ узмацнілі памежны кантроль пасьля таго, як Беларусь пагадзілася прыняць у сябе расейскую прыватную вайсковую кампанію «Вагнэр» і разьмясьціць на сваёй тэрыторыі расейскую тактычную ядзерную зброю.
Паводле ацэнак, якія падае Amnesty International, каля 350 тысяч чалавек пакінулі Беларусь пасьля задушэньня іншадумства ў 2020 годзе, што прывяло да няхваткі працоўнай сілы. Улады спрабавалі прымусіць многіх людзей вярнуцца, у тым ліку спыніўшы выдачу пашпартоў у беларускіх консульствах за мяжой.
У траўні 2023-га папраўкі ў Крымінальны кодэкс яшчэ больш спрасьцілі ўладам перасьлед за «злачынствы антыдзяржаўнай скіраванасьці» і ўвялі крымінальную адказнасьць за «дыскрэдытацыю» ўзброеных сілаў і іншых дзяржаўных, у тым ліку ваенізаваных арганізацыяў, гаворыцца ў справаздачы міжнароднай арганізацыі.
Кнігі і іншая друкаваная прадукцыя аб’яўляліся па-за законам як «экстрэмісцкія матэрыялы», а дзясяткі людзей штомесяц траплялі ў зьняволеньне за падпіску на «экстрэмісцкія» каналы ў Telegram.
Беларускія суды працягвалі выносіць прысуды асобам за «абразу» прадстаўнікоў улады, «дыскрэдытацыю» дзяржаўных органаў і сымбаляў або за «распальваньне варожасьці і звады».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Група сяброў Беларусі ў АБСЭ выступіла з заявай пра апошнюю хвалю рэпрэсій і заклікала вызваліць палітвязьняўУзмацніліся рэпрэсіі супраць незалежных арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці, НДА, прафэсійных арганізацыяў, этнічных і рэлігійных супольнасьцяў, падкрэсьлівае Amnesty International. Усім 12 апазыцыйным партыям адмовілі ў перарэгістрацыі, іх зьліквідавалі ў спробе «расчысьціць поле» для выбараў.
Неабгрунтаваныя абвінавачваньні ў «экстрэмізьме» выкарыстоўваліся для ліквідацыі арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці, такіх як праваабарончы цэнтар «Вясна», які ў жніўні прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем».
Людзей арыштоўвалі за «фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці або арганізацыяў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 26 красавіка пачнуць судзіць хрысьціянскую дзяячку Аксану ЮчкавічЗ кастрычніка 2023 году ў рамках шырокамаштабнага задушэньня іншадумства ўсе рэлігійныя арганізацыі мусілі прайсьці перарэгістрацыю. У іншым выпадку ім пагражала закрыцьцё, адзначаюць праваабаронцы.
Працягваліся рэпрэсіі супраць каталіцкіх сьвятароў і пратэстанцкай царквы «Новае жыццё» (у чэрвені будынак царквы зьнесьлі). У жніўні дзьве інтэрнэт-публікацыі 2020 года, што асуджалі гвалт супраць мірных пратэстоўцаў, прызналі «экстрэмісцкімі», а двух пастараў арыштавалі. У кастрычніку царкву «зьліквідавалі» рашэньнем суду за «экстрэмісцкую дзейнасьць».
Права на свабоду сходаў заставалася жорстка абмежаваным. Праз 3 гады пасьля пратэстаў 2020 году ўлады працягвалі беспадстаўны перасьлед і зьняволеньне як мірных удзельнікаў, так і тых, хто іх падтрымліваў, у тым ліку ахвяраваньнямі.
Улады працягвалі злоўжываць сыстэмай правасудзьдзя для зьнішчэння любога іншадумства, а разам з тым і палітычных апанэнтаў, праваабаронцаў і адвакатаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Amnesty International зарэгістравала найбольшую колькасьць сьмяротных выракаў у сьвеце з 2017 году. А як у Беларусі?Працягваліся рэпрэсіі супраць адвакатаў, якія абаранялі ахвяраў палітычна матываванага перасьледу.
Паводле праваабаронцаў, як мінімум 10 адвакатаў пакаралі зьняволеньнем і больш за 100 пазбавілі ліцэнзіі або выдалі адмову ў яе працягу. Такім чынам ім помсьцілі за выкананьне прафэсійных абавязкаў.
Па-ранейшаму шырока прымяняліся катаваньні і іншыя віды жорсткага абыходжаньня. Выканаўцы такіх дзеяньняў працягвалі заставацца беспакаранымі. Асобы, асуджаныя па палітычна матываваных абвінавачваньнях, сутыкаліся з жорсткім абыходжаньнем і бесчалавечнымі ўмовамі. Ім адмаўлялі ў належным мэдыцынскім абслугоўваньні, кантактах з членамі сямʼі і фізычных практыкаваньнях на сьвежым паветры.
Улады працягвалі перашкаджаць праваабаронцам выконваць іх працу, у тым ліку шляхам неабгрунтаваных затрыманьняў, падкрэсьлівае Amnesty International.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Amnesty International пра Беларусь у 2021: «Катаваньні і жорсткае абыходжаньне па-ранейшаму заставаліся пашыранымі»