«Пэўна, у выніку атакі праціўніка па цывільных паліўна-энэргетычных абʼектах на тэрыторыі Смаленскага і Ярцаўскага раёнаў адбыліся ўзгараньні. МНС на месцы ліквідуюць наступствы», — напісаў Анохін. Пазьней ён удакладніў, што ахвяраў і пацярпелых у выніку атакі няма.
Відавочцы паведамляюць пра пажар на Смаленскім НПЗ. Раней тэлеграм-канал SHOT, спасылаючыся на мясцовых жыхароў, пісаў, што адзін або некалькі дронаў ударылі па нафтабазе ў вёсцы Раздава пад Смаленскам, там відаць зарыва і дым.
Паводле паведамленьняў мясцовых жыхароў, атакаваны НПЗ у Ярцаўскім раёне. Тэлеграм-канал Astra публікуе відэа, зьнятае відавочцамі.
У ноч на 24 красавіка пра атакі дронаў паведамлялі ўлады Варонескай, Курскай, Белгарадзкай, Ліпецкай абласьцей Расеі. У прыватнасьці, адзін дрон упаў у прамысловай зоне Ліпецку, а ў прыгарадзе Варонежа ў выніку падзеньня абломкаў бесьпілётніка загарэўся прыватны дом.
- У канцы мінулага тыдня губэрнатар Смаленскай вобласьці таксама паведамляў пра пажар на абʼекце паліўна-энэргетычнага комплексу пасьля атакі дрона ў Кардымаўскім раёне; на якім менавіта абʼекце, кіраўнік рэгіёну не ўдакладняў. У гэтым раёне, у прыватнасьці, знаходзіцца нафтабаза «Лукойла» «Кардымава».
- З пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14 працэнтаў.
- У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- Афіцыйна Кіеў ня браў на сябе адказнасьці за напады на расейскія нафтавыя заводы.
- Дарадца кіраўніка офісу прэзыдэнта Ўкраіны Міхайла Падаляк днямі ў інтэрвію парталу «Люстэрка» заявіў, што Ўкраіна ня будзе атакаваць беларускія НПЗ і наносіць удары «толькі па расейскай акупацыйнай групоўцы на акупаваных тэрыторыях і па абʼектах забесьпячэньня, якія забясьпечваюць гэтую акупацыйную групоўку».