Супрацоўнікі Сьледчага камітэту Беларусі і Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртызаў пасьля тэарэтычнай падрыхтоўкі 23 красавіка разам з вайскоўцамі Ўзброеных сіл правялі сумесныя вучэньні «ва ўмовах баявых дзеяньняў», піша БелТА са спасылкай на прэс-службу СК.
Вучэньні праводзілі на палігоне Белая Лужа ў Менскай вобласьці, «ва ўмовах, набліжаных да баявых».
«Курсанты Ваеннай акадэміі Беларусі, паводле легенды вучэньня, вызвалялі і зачышчалі населены пункт ад дывэрсантаў, якія захапілі пасёлак. Пасьля вайсковай апэрацыі агляд месца здарэньня пачалі сьледчыя і экспэрты. Яны зафіксавалі сьляды злачыннай дзейнасьці ўмоўных тэрарыстаў», — распавялі ў СК.
Пасьля вучэньняў правялі іх абмеркаваньне і разбор памылак, якіх трэба пазьбягаць у будучыні.
«Тэарэтычную і практычную дапамогу ў правядзеньні занятку аказвалі супрацоўнікі Сьледчага камітэту Расеі, якія маюць вялікі досьвед правядзеньня сьледчых дзеяньняў у рэальных баявых умовах», — паведамілі ў СК.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі ў пяці раёнах пачаліся вучэньні з удзелам вялікай колькасьці вайскоўцаў запасу- На тэрыторыі Беларусі ад моманту расейскага ўварваньня ва Ўкраіну амаль бесьперапынна праводзяцца вайсковыя вучэньні.
- 11 сакавіка Міністэрства абароны Беларусі паведаміла аб пачатку ва Ўзброеных сілах праверкі баявой гатоўнасьці злучэньняў і вайсковых частак у адказ на правядзеньне ля межаў Беларусі вучэньняў NATO.
- Днямі палявыя вучэньні правялі беларускія памежнікі. Яны прайшлі ва ўсіх памежных злучэньнях Беларусі з 12 па 20 красавіка.