Цырымонія разьвітаньня са знакамітым беларускім хакеістам Канстанцінам Кальцовым адбудзецца 27 красавіка ў будынку Крытага катка парку ім. М. Горкага ў Менску з 10:00 да 12:00, паведаміла Фэдэрацыя хакею Беларусі.
Месца пахаваньня парэштак Кальцова пакуль не вядомае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЗША адбылася крэмацыя цела беларускага хакеіста Канстанціна КальцоваВыхаванец менскага «Юнацтва» Канстанцін Кальцоў памёр у Маямі 18 сакавіка ва ўзросьце 42 гадоў. Трагедыя здарылася ў гатэлі, дзе спыніўся беларус. Як паведамілі Свабодзе ў паліцыі Маямі, меркаваная прычына сьмерці — самагубства, «падазрэньняў наконт гвалтоўнага характару сьмерці няма». Але былая жонка Канстанціна Юлія Міхайлава адзначыла, што гэта можа быць пасьпешлівай высновай, і выказала думку, што гэта быў няшчасны выпадак.
Кальцоў памёр празь дзень пасьля звальненьня з уфімскага «Салавата Юлаева», у якім ён працаваў памочнікам трэнэра.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канстанціна Кальцова пахаваюць у Менску28 студзеня 2003 году Канстанцін Кальцоў дэбютаваў у наймацнейшай хакейнай лізе сьвету — НХЛ. Ён стаў пятым беларусам у гісторыі лігі, перад ім былі Аляксандар Андрыеўскі, Алег Мікульчык, Уладзімер Цыплакоў і Руслан Салей.
За акіянам ён выступаў за аўтарытэтны клюб «Пітсбург Пінгвінз» разам з такімі легендамі хакею, як Марыё Лем’ё, Марцін Страка, Аляксей Кавалёў, Рэндзі Робітайл і Сідні Кросбі. Агулам за «пінгвінаў» Кальцоў будзе гуляць у 2002–2004 і 2005–2006, правядзе за іх 144 гульні, адзначыцца 12 шайбамі і 26 перадачамі.
Затым у Кальцова ў кар’еры будуць расейскія клюбы, у тым ліку згаданы «Салават Юлаеў», а завершыць карʼеру ён у 2016-м у менскім «Дынама». Пасьля гэтага Канстанцін працаваў трэнэрам у тым жа менскім «Дынама», «Берасьці», маладачанскім «Дынама», у расейскіх «Спартаку» (Масква) і «Салавату Юлаеву» (Уфа).
18 сакавіка стала вядома, што беларус пакіне Ўфу. Паводле папярэдняй інфармацыі, Кальцову прапаноўвалі ўзначаліць менскае «Дынама» і зборную Беларусі. Але неўзабаве прыйшло паведамленьне пра сьмерць Кальцова ў Маямі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хоць мы больш не былі разам, маё сэрца разьбітае». Сабаленка ўпершыню выказалася пра гібель КальцоваКальцоў сустракаўся са знакамітай беларускай тэнісісткай Арынай Сабаленкай, якая даўно жыве і трэнуецца ў гэтай краіне. Пасьля сьмерці хакеіста Арына Сабаленка заявіла, што яны ўжо «больш не былі разам»: «Сьмерць Косьці — неймаверная трагедыя. І, хоць мы больш не былі разам, маё сэрца разьбітае», — пракамэнтавала тэнісістка ў сацсетках.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьмерць беларускага хакеіста Кальцова — меркаванае самагубства, — паліцыя Маямі