Для зьняволенага з палітычных прычынаў журналіста ўвялі новыя абмежаваньні.
Пра новае абмежаваньне для палітвязьняў паведаміла жонка зьняволенага журналіста Вольга Івашына. Цяпер, каб даслаць вітаміны ў турму ці калёнію, неабходна атрымаць спэцыяльны дазвол ад лекара мэдычнай часткі ўстановы.
Раней такое правіла распаўсюджвалася толькі на неабходныя лекі.
«Ранейшы сьпіс дазволеных для перасыланьня вітамінаў скасаваны. Цяпер нават вітамін С нельга даслаць вязьню без „рэкамэндацыі мэдыка“», — піша Вольга Івашына.
Дзяніс Івашын ужо 1,5 года пазбаўлены прадуктовых перадач, у якіх можна было дасылаць садавіну ці гародніну, каб кампэнсаваць недахоп вітамінаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Дзяніс Івашын быў на спатканьні з маціХто такі Дзяніс Івашын
- Дзяніс Івашын нарадзіўся 6 чэрвеня 1979 году ў Горадні.
- Журналіст-расьсьледавальнік. Па адукацыі эканаміст і палітоляг. Жанаты.
- Працаваў журналістам у незалежнай газэце «Новы час» і рэдактарам-валянтэрам беларускай вэрсіі сайта міжнароднай супольнасьці ІnformNapalm, якая дасьледуе ўплыў расейскай агрэсіі на іншыя краіны.
- Вядомы сваімі публікацыямі пра скандальную забудову ў Курапатах, за што ён і газэта «Новы час» судзіліся з забудоўнікам, а таксама пра ўплыў «русского мира» на Беларусь і Сырыю.
- Івашына затрымалі супрацоўнікі КДБ 12 сакавіка 2021 году, калі ён выйшаў у аптэку па лекі для бабулі. Яму выставілі абвінавачаньне паводле 365 крымінальнага артыкулу («Умяшаньне ў дзейнасьць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў»). Яму пагражае да 3 год пазбаўленьня волі.
- Сваякі і калегі мяркуюць, што затрыманьне Івашына зьвязана зь ягоным апошнім расьсьледаваньнем пра былых украінскіх бэркутаўцаў, што ўладкаваліся на працу ў беларускі АМАП. Журналіста затрымалі на наступны дзень пасьля таго, як ён даў інтэрвію пра гэта тэлеканалу «Настоящее время».
- Івашын мае ўкраінскія карані і статус замежнага ўкраінца. Пры ператрусе ў яго дома шукалі кнігі і іншыя рэчы, зьвязаныя з Украінай. МЗС Украіны адрэагавала на ягонае затрыманьне і заявіла, што журналісцкая дзейнасьць ня можа быць прычынай перасьледу.
- У траўні 2021 году ў Івашына памерла бабуля, аднак яго не пусьцілі разьвітацца зь ёй.
- Са словаў сваякоў, ліставаньне зь Дзянісам нерэгулярнае, многія лісты не даходзяць у абодва бакі.
- У чэрвені стала вядома, што ў Дзяніса ў карцэры здарыўся сардэчны прыступ. Яму выклікалі кардыёляга, рабілі кардыяграму, прызначылі лекі.
- Эўрапейская фэдэрацыя журналістаў запатрабавала вызваліць Івашына і іншых журналістаў, зьняволеных у Беларусі.