Самая галоўная навацыя пастановы Савету Міністраў № 299 з подпісам прэм’ер-міністра Рамана Галоўчанкі — абмежаваньне на выплату прыбытку і дывідэндаў інвэстарам з краін, якія знаходзяцца ў адмысловым сьпісе ўраду.
Абмежаваньне пачынае працаваць, калі прыбытак або дывідэнды, якія захоча разьмеркаваць інвэстар зь «недружалюбнай» краіны, перавысіць 80 тысяч базавых велічынь (3,2 млн рублёў). Ліміт вызначаны на адзін каляндарны год, для ўсіх бакоў, паміж якімі ў кампаніі зьбіраюцца дзяліць грошы.
Выплаціць дывідэнды, якія перавышаюць 80 тысяч базавых, можна, але дзеля гэтага трэба зьвяртацца па дазвол у абласныя выканаўчыя камітэты або Менгарвыканкам. А дзеля атрыманьня дазволу неабходна, каб у кампаніі працавала ня меней за 70% работнікаў да леташняга паказьніка і каб прыбытак і дывідэнды, якія кампанія зь «недружалюбнай» краіны плянуе разьмеркаваць, не перавышалі 50% ад сярэдніх прамых інвэстыцый на чыстай аснове за пяць гадоў.
Таксама трэба, каб у кампаніі не было пратэрмінаваньняў у выплатах па крэдытах ці выплатах заробкаў і адлічэньняў на Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь уводзіць чарговыя контрасанкцыі супраць «недружалюбных краін», яны тычацца падаткаўУ сьпісе «недружалюбных» краін 13 пазыцый. Афіцыйна ён называецца так: «Пералік замежных дзяржаў, якія ўчыняюць недружалюбныя дзеяньні ў дачыненьні Рэспублікі Беларусь, яе грамадзян і (або) арганізацый. У сьпіс уключаныя:
1. Аўстралія
2. Дзяржавы – сябры Эўрапейскага зьвязу
3. Канада
4. Ліхтэнштайн
5. Нарвэгія
6. Новая Зэляндыя
7. Альбанія
8. Ісьляндыя
9. Паўночная Македонія
10. Вялікая Брытанія
11. ЗША
12. Чарнагорыя
13. Швайцарыя
Апошні раз контрасанкцыі супраць інвэстараў з гэтых краін у Менску ўводзілі ў сакавіку. Тады стала вядома, што з 1 красавіка 2024 і да канца 2026 году ўводзіцца стаўка падатку на дывідэнды ў 25% для замежных арганізацый, якія не вядуць дзейнасьці ў Беларусі праз пастаяннае прадстаўніцтва, а іхныя офісы знаходзяцца ў „недружалюбных краінах“. Да тых зьменаў гэтая стаўка часта была на ўзроўні 15%, а ў асобных выпадках — нават ніжэйшаю.
Таксама Беларусь з 1 чэрвеня да 31 сьнежня 2026 году часткова прыпыніць дзеяньне пагадненьняў аб перадухіленьні двайнога падаткаабкладаньня з наступнымі „недружалюбнымі краінамі“: Аўстрыя, Баўгарыя, Бэльгія, Вялікая Брытанія, Вугоршчына, Гішпанія, Данія, ЗША, Ірляндыя, Італія, Кіпр, Латвія, Літва, Паўночная Македонія, Нідэрлянды, Нямеччына, Польшча, Румынія, Славаччына, Славенія, Фінляндыя, Францыя, Харватыя, Чэхія, Швайцарыя, Швэцыя, Эстонія.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 388 тысяч сонечных модуляў, мэталапракатны завод. Як беларуская дзяржава забірала прадпрыемствы ў інвэстараў- У сакавіку 2022 году ўказам Лукашэнкі замежным інвэстарам са сьпісу «недружалюбных» краінаў забаранілі адчужаць належныя ім долі і акцыі ў статутных фондах беларускіх юрыдычных асобаў, распараджацца акцыямі на сваё жаданьне, а ў кастрычніку яшчэ больш узмацнілі абмежаваньні — забаранілі рэарганізацыю кампаній і выхад зь бізнэсу.
- 6 красавіка 2022 году ўрад Беларусі зацьвердзіў пералік «недружалюбных краінаў»: у яго ўвайшлі ўсе краіны ЭЗ, а таксама ЗША, Новая Зэляндыя, Альбанія, Ісьляндыя, Паўночная Македонія, Вялікая Брытанія, Чарнагорыя, Швайцарыя.
- У верасьні 2023 году Лукашэнка ўвёў абмежаваньні на атрыманьне прыбытку і дывідэндаў замежнымі ўласьнікамі маёмасьці. Усе беларускія кампаніі, якімі валодаюць або ў склад акцыянэраў якіх уваходзяць іншаземцы зь «недружалюбных краін», павінны адкрыць спэцыяльныя рахункі ў беларускіх рублях у адным зь беларускіх банкаў. На гэтыя рахункі кампаніі мусяць адпраўляць прыбытак і дывідэнды, і ўжо зь іх на іншыя створаныя ў гэтых жа банках рахункі пераводзіць выплаты іншаземцам.
- 19 кастрычніка 2023 году Лукашэнка падпісаў указ, якім увёў кантроль дзяржавы за адчужэньнем іншаземцамі зь «недружалюбных краінаў» акцыяў і нерухомай маёмасьці беларускіх прадпрыемстваў. Цяпер адчужаць магчыма толькі з дазволу беларускага ўраду і пры ўмове выплаты ў мясцовы бюджэт унёску ня менш як 25% ад рынкавага кошту доляў (акцыяў) і маёмасьці гэтых прадпрыемстваў.
- У кастрычніку ўрад Беларусі падоўжыў да 31 сьнежня 2024 году забарону на ўвоз шэрагу прадукцыі замежных кампаніяў дзеля абароны нацыянальных інтарэсаў і з улікам «недружалюбных дзеяньняў у дачыненьні да беларускага народу».