Аляксандар Лукашэнка падпісаў закон аб прадпрымальніцкай дзейнасьці, піша інфармацыйнае агенцтва «Позірк» са спасылкай на прэсавую службу Лукашэнкі.
Як зазначаецца, закон вызначае «абноўленую архітэктуру прадпрымальніцтва», якая прадугледжвае «дзьве катэгорыі, якія займаюцца прадпрымальніцкай дзейнасьцю: юрыдычныя і фізычныя асобы».
Да юрыдычных асобаў аднесеныя малыя арганізацыі з колькасьцю работнікаў да 100 чалавек, сярэднія (да 250) і буйныя (больш за 250 чалавек), а да фізычных асобаў — рамесьнікі, уладальнікі аграэкасядзібаў, самазанятыя і індывідуальныя прадпрымальнікі.
Віды дзейнасьці, якія змогуць ажыцьцяўляць індывідуальныя прадпрымальнікі, будуць вызначаныя ўрадам да 1 ліпеня.
Па відах дзейнасьці, якія ня трапяць у заплянаваны пералік, з 1 кастрычніка спыняецца рэгістрацыя новых індывідуальных прадпрымальнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Саюз прадпрымальнікаў аб новым законапраекце: дзясяткі тысяч ІП могуць страціць працуТаксама ўстанаўліваецца абавязак пераходу да 1 студзеня 2026 году дзейных індывідуальных прадпрымальнікаў у юрыдычныя асобы. Пры гэтым для такіх прадпрымальнікаў уводзіцца «спрошчаны парадак пераходу ў камэрцыйныя арганізацыі зь пераемнасьцю па ўсіх правах і абавязаньнях перад бюджэтам і контрагентамі».
Закон прадугледжвае новыя віды фінансавай падтрымкі, у тым ліку кампэнсацыю зь бюджэту часткі капітальных затратаў пры рэалізацыі інвэстпраектаў з прыцягненьнем крэдытаў Банку разьвіцьця.
Акрамя таго, пашыраецца права на атрыманьне дзяржаўнай фінансавай падтрымкі суб’ектам сярэдняга бізнэсу. Раней гэты інструмэнт быў даступны толькі для малога бізнэсу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі абмяжуюць рэгістрацыю новых ІП у некаторых відах дзейнасьці, ухвалілі законапраектЗаконапраект быў прыняты Палатай прадстаўнікоў 21 сакавіка і ўхвалены Саветам Рэспублікі 10 красавіка.
Раней паведамлялася, што ў сьпісе дазволеных відаў дзейнасьці ня будзе групавога гандлю, турыстычных і юрыдычных паслуг, арганізацыі і правядзеньня культурных і забаўляльных мерапрыемстваў, некаторых паслуг у галіне ІТ.
Паводле падлікаў Міністэрства эканомікі, пасьля перагляду відаў дзейнасьці колькасьць індывідуальных прадпрымальнікаў можа скараціцца амаль удвая — з 263 тысяч да 143,5 тысячы, колькасьць наёмных работнікаў у іх — з 64,6 тысячы да 47,1 тысячы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Магчыма, я крыху пераседзеў». Лукашэнка даў інтэрвію расейскім журналістам
У верасьні 2020 года Лукашэнка ў інтэрвію расейскім журналістам заявіў, што тагачасныя падзеі ў Беларусі падобныя да дробнабуржуазнай рэвалюцыі. «У нас зьявіліся буржуйчыкі, багатыя людзі, у нас зьявіліся айцішнікі. І што ім захацелася? А ім захацелася ўлады» — патлумачыў ён тады.