З 16 па 22 красавіка Беларусь бязь візаў наведалі 3598 жыхароў суседніх краін Эўразьвязу (тыднем раней — 3517), сьведчыць праведзены «Позіркам» аналіз інфармацыі Дзяржаўнага памежнага камітэта.
За гэты пэрыяд у краіну прыбылі 1314 грамадзян Літвы (1301), 970 грамадзян і 289 неграмадзян Латвіі (996 і 297 адпаведна), 1025 грамадзян Польшчы (923).
З пачатку году бязьвізам скарысталіся 69 763 жыхары гэтых краін: 34 474 грамадзяніны Літвы, 16 638 грамадзян і 4366 неграмадзян Латвіі, а таксама 14 285 грамадзян Польшчы.
Агулам ад пачатку дзеяньня бязьвізавага рэжыму ў Беларусь зьезьдзілі 870 369 іншаземцаў: 529 685 грамадзян Літвы, 201 439 грамадзян і 60 481 неграмадзянін Латвіі, а таксама 78 764 грамадзяніны Польшчы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі Літвы: беларускія спэцслужбы сочаць за літоўскімі дыпляматамі ў Менску для вэрбаваньня- «Бязьвіз» дзейнічае з 15 красавіка 2022 году для жыхароў Латвіі і Літвы, з 1 ліпеня таго ж году — для жыхароў Польшчы. Аляксандар Лукашэнка некалькі разоў падаўжаў яго тэрмін, апошні раз — да канца 2024 году.
- Улады суседніх Беларусі краін ЭЗ неаднаразова заклікалі суайчыннікаў не наведваць гэтую краіну зь меркаваньняў бясьпекі.
- Нядаўна Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі Літвы апублікаваў чарговы даклад аб сачэньні беларускімі спэслужбамі за літоўскімі дыпляматамі ў Менску для вэрбаваньня. У дакумэнце паведамлялася сярод іншага, што цягам 2023 году беларуская выведка інтэнсіўна выкарыстоўвала допыты на мяжы грамадзян Літвы, якія накіроўваліся ў Беларусь.
- 18 жніўня 2023 года Літва закрыла пункты пропуску Шумск (зь беларускага боку — Лоша) і Цверач (Відзы), 1 сакавіка 2024-га Лаварышкі (Катлоўка) і Райгорад (Прывалка). На мяжы зь Беларусьсю працягваюць працаваць два памежныя пераходы — Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі).
- Пасьля вынясеньня палітычна матываванага выраку журналісту, актывісту неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі Анджэю Пачобуту (8 гадоў зьняволеньня) 10 лютага 2023 года Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных для падарожнікаў пунктаў пропуску — Баброўнікі (зь беларускага боку Бераставіца).
- 19 верасьня 2023 года праз узрослую плынь нерэгулярных мігрантаў з боку Беларусі Латвія на нявызначаны тэрмін закрыла і забарыкадавала пункт пропуску Сілене (Урбаны). ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дайце тэлефон і пакажыце сацсеткі»: літовец расказаў СМІ, як яго дапытвалі і правяралі на беларускай мяжы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літовец расказаў пра няўдалую спробу заехаць у Беларусь: задавалі пытаньні пра Лукашэнку, Пуціна і вайну