У інтэрвію выданьню Fakt прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда заявіў, што неаднаразова гаварыў аб гатоўнасьці разьмясьціць ядзерную зброю ў краіне ў рамках праграмы NATO Nuclear Sharing.
Паводле польскага прэзыдэнта, гэтая тэма абмяркоўваецца ўжо некаторы час.
Журналісты спыталіся ў Дуды пра перамовы аб сумесным выкарыстаньні ядзернай зброі з прадстаўнікамі Злучаных Штатаў Амэрыкі. Дуда адказаў наступным чынам:
«Гэта ўжо некаторы час зьяўляецца тэмай польска-амэрыканскіх перамоваў. Я ўжо казаў аб гэтым некалькі разоў. Павінен прызнацца, што калі мяне пра гэта спыталі, я заявіў аб нашай гатоўнасьці. Расея ўсё больш мілітарызуе Кёнігсбэрскую акругу. Нядаўна яна перабазавала сваю ядзерную зброю ў Беларусь.
Калі нашы саюзьнікі вырашаць разьмясьціць ядзерную зброю ў рамках сумеснага выкарыстаньня ядзернай зброі таксама і на нашай тэрыторыі дзеля ўмацаваньня бясьпекі ўсходняга флянгу NATO, мы да гэтага гатовыя. Мы зьяўляемся саюзьнікам у Паўночнаатлянтычным альянсе і ў нас таксама ёсьць абавязаньні ў гэтым пляне, а гэта значыць, што мы проста рэалізуем агульную палітыку».
Паводле польскага выданьня Rzeczpospolita, прэм’ер-міністар Дональд Туск, камэнтуючы заяву Дуды пра гатоўнасьць Польшчы разьмясьціць у сябе ядзерную зброю, сказаў, што хацеў бы пагаварыць з прэзыдэнтам, каб зразумець намеры, зь якімі кіраўнік дзяржавы зрабіў такую заяву. Як мяркуе Rzeczpospolita, гэта можа азначаць, што гэтае пытаньне паміж прэзыдэнтам і прэмʼерам не абмяркоўвалася. «Я хачу, каб Польшча была ў бясьпецы і добра ўзброенай, але я таксама хацеў бы, каб любыя ініцыятывы былі вельмі добра падрыхтаваныя людзьмі, адказнымі за іх, і каб мы ўсе былі перакананыя, што мы гэтага хочам», — прыводзіць выданьне словы прэмʼера Туска.
- 25 сьнежня 2023 году Аляксандар Лукашэнка, адказваючы ў Санкт-Пецярбургу на пытаньні журналістаў перад пасяджэньнем Вышэйшай Эўразійскай эканамічнай рады, заявіў, што тактычная ядзерная зброя дастаўленая з Расеі ў Беларусь «даўно», «апошняя пастаўка» адбылася на пачатку кастрычніка.
- 17 верасьня летась намесьнік дзяржсакратара Савету бясьпекі Беларусі Павал Муравейка ў эфіры тэлеканалу СТБ заявіў, што беларускія вайскоўцы маюць адпаведную падрыхтоўку для выкарыстаньня ядзернай зброі. Спэцыялісты, сказаў Муравейка, «прайшлі пэўны кантрольны зрэз і допуск, атрымаўшы магчымасьць выкарыстоўваць і ўжываць гэтую зброю».
- NATO Nuclear sharing — гэта канцэпцыя ядзернага стрымліваньня, прынятая ў блёку NATO. Яна прадугледжвае, што краіны, якія ня маюць уласнай ядзернай зброі, могуць удзельнічаць у плянаваньні яе прымяненьня. Канцэпцыя прадугледжвае разьмяшчэньне ядзерных сіл на тэрыторыі краін, а таксама прыцягненьне ўзброеных сіл гэтых краін да дастаўкі ядзернай зброі ў выпадку яе прымяненьня. У межах гэтай праграмы амэрыканскія ядзерныя зарады разьмешчаныя на шасьці базах у Бэльгіі, Італіі, Нідэрляндах, Нямеччыне і Турэччыне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Маскве заявілі, што кантроль за выкарыстаньнем разьмешчанай у Беларусі ядзернай зброі застаецца за Расеяй. Лукашэнка казаў іначай