Улады сталічнага раёну хваляцца папулярнасьцю беларускамоўных групаў у садках

Ілюстрацыйны здымак

У дзіцячых садах Ленінскага раёну Менску запатрабаваны групы зь беларускай мовай навучаньня. Пра гэта агенцтву «Менск-Навіны» расказала намесьніца кіраўніка раённай адміністрацыі Галіна Чэрнік.

У Ленінскім раёне 45 устаноў дашкольнай адукацыі.

«Усе дзеці 5-гадовага ўзросту праходзяць падрыхтоўку да школы. З улікам пажаданьняў бацькоў адкрыта 45 груп зь беларускай мовай навучаньня, і гэта не мяжа. Ва ўсіх дашкольных установах працуюць музэйныя экспазыцыі, прысьвечаныя гісторыка-культурнай спадчыне, прамысловасьці Беларусі і іншым кірункам», – сказала Чэрнік.

Дзіцячыя сады ў Ленінскім раёне сталіцы наведваюць 7300 выхаванцаў.

Летась у верасьні міністар адукацыі Андрэй Іванец заявіў у эфіры тэлеканала «Беларусь-1» пра тое, што 40% школаў у Беларусі зьяўляюцца беларускамоўнымі. Гэта пераважна вясковыя школы, у якіх традыцыйна праходзяць навучаньне на беларускай мове. Калі ж гаварыць пра колькасьць дзяцей, якія вучацца ў гэтых 40% школаў, то гэта ўсяго каля 10 адсоткаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне затрымалі меркаваных забойцаў паліцыянтаў