Узброеныя сілы Літвы і Польшчы 21 красавіка пачалі сумесныя тактычныя вучэньні «Адважны грыфон» у раёне Сувальскага калідору, паведаміла інфармацыйнае агенцтва Позірк са спасылкай на літоўскае агенцтва BNS.
У вучэньнях, якія будуць праходзіць да 26 красавіка, таксама возьмуць удзел падразьдзелы войскаў ЗША і Партугаліі, адзначае партал lrt.lt.
Літва задзейнічае ў мерапрыемствах 1,5 тыс. вайскоўцаў пяхотнай брыгады «Жэмайція» ім. Яна Хадкевіча. Вучэньні прадугледжваюць «абарончыя сцэнары ў адпаведнасьці з двухбаковым літоўска-польскім „Аршанскім плянам“», гаворыцца ў паведамленьні.
Падкрэсьліваецца, што гэты плян падрыхтаваны ў 2022 годзе, частка яго засакрэчаная.
Пры гэтым, як паведамляе выданьне, у Літве працягваюцца вучэньні «Удар мяча», арганізаваныя Ўзброенымі сіламі ЗША.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вайскоўцы Літвы і Польшчы ўзаемадзейнічаюць у межах пляну абароны Сувальскага калідору. Яго назвалі «Аршанскі плян» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нямецкія войскі ўпершыню пасьля Другой сусьветнай вайны дыслякуюцца за мяжой, з мэтай стрымліваньня пагроз Расеі і Беларусі ў Літве