У першым квартале Беларусь заняла 2-е месца ў Эўразійскім эканамічным саюзе па росьце цэн

Беларусь заняла 2-е месца ў Эўразійскім эканамічным саюзе па росьце цэн у студзені — сакавіку 2024 год, сьведчыць аналіз даных Эўразійскай эканамічнай камісіі.

Больш за ўсё цэны з пачатку года вырасьлі ў Казахстане — на 2,6%. Далей ідуць Беларусь (+2,2%), Расея (+2%), Кіргызстан (+1,2%) і Армэнія (+0,2%).

Харчовыя тавары ў Казахстане падаражэлі на 2,5%, Беларусі — на 2,3%, Расеі — на 2,2%, Кіргызстане — на 1,5%, Армэніі — на 0,5%.

Казахстан стаў лідэрам па росьце цэн як на нехарчовыя тавары, так і на платныя паслугі — 1,7% і 3,6% адпаведна. У Беларусі яны вырасьлі на 1,4% і 3%, Расеі — на 1% і 2,7%. У Кіргызстане і Армэніі нехарчовыя тавары патаньнелі на 0,2% і 0,4% адпаведна, а платныя паслугі падаражэлі на 2,7% і 0,7%.

Урад еларусі «зрабіў пэўныя захады, каб узяць пад кантроль сыстэму цэнаўтварэньня», і сёньня «ў нейкай ступені» стрымліваць рост цэн атрымліваецца, заяўляў Аляксандр Лукашэнка 28 сакавіка на нарадзе аб працы банкаўскай сыстэмы. Але тут жа заявіў, што ад практыкі дзяржаўнага рэгуляваньня цэн у Беларусі «не адступяць».

«Сыстэма кантролю за цэнаўтварэьннем, за гэтым усім комплексам будзе толькі ўзмацняцца. Такая задача пастаўлена перад урадам. Я прашу мець гэта на ўвазе і Нацыянальнаму банку, і рабіць усё неабходнае, каб людзі менш на нас крыўдзіліся ў сувязі з ростам цэн, інфляцыяй у краіне», — сказаў тады Лукашэнка.

Згодна з прагнозам Эўразійскага банку разьвіцьця, інфляцыя ў краінах ЭАЭС па выніках 2024 году чакаецца ў Беларусі на ўзроўні 8%, Кіргызстане — 7,8%, Казахстане — 7,1%, Расеі — 5,4%, Армэніі — 3,6%.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі зьнізіліся рэальныя пэнсіі. Абяцанага трэцяга падвышэньня не адбылося

Яшчэ ў лютым сёлета аналітыкі Эўразійскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця (ЭАБР) заяўлялі, што цэны ў Беларусі будуць паказваць імкненьне да росту. Ужо ў студзені 2024 яны сталі расьці хутчэй.

«Інфляцыя ў Рэспубліцы Беларусь склала 5,9% у студзені 2024 году ў параўнаньні з 5,8% у сьнежні 2023 году».

Інфляцыя на харчовыя тавары ў студзені склала 6,9% у гадавым вымярэньні ў параўнаньні з 6,8% у сьнежні 2023 году. Рост цэнаў на нехарчовыя тавары ў студзені — 3,1% (супраць 2,9% у сьнежні). Запаволіўся толькі рост цэнаў на паслугі, да 7,5% у студзені ў параўнаньні з 8,1% на месяц раней.

«Высокі ўнутраны попыт і падвышаная інфляцыя ў Расейскай Фэдэрацыі — ключавым гандлёвым партнэры — зьяўляюцца асноўнымі чыньнікамі паскарэньня тэмпу росту цэнаў. Чакаем, што інфляцыйны ціск захаваецца, але яго перанос на цэны будзе стрымлівацца цэнавым рэгуляваньнем у 2024 годзе», — пісалі аналітыкі ЭАБР.

Раней у Міністэрстве антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Беларусі паведамлялі, што за 2023 год большасьць тавараў і паслуг «павялічыліся ў цане сярэднімі тэмпамі». Гэтаму спрыяла рэгуляваньне цэнаў.

Сярод рэгуляваных цэнаў «апераджальнымі тэмпамі павялічыліся цэны» на тытунёвыя вырабы (на 63,3%) і моцныя алькагольныя напоі (на 16,5%), а таксама на лекі (13,4%) і паслугі дашкольных устаноў (11,1%), тарыфы на камунальныя паслугі (8,7%) і пасажырскія перавозкі па чыгунцы рэгіянальных зносін эканом-клясы (на 20,8%), вышэйшай адукацыі (на 14%).