У Міністэрства фінансаў паступіла 14,5 млн рублёў (каля 4,45 млн даляраў), сабраных у рамках суботніка, які прайшоў у Беларусі 20 красавіка, паведаміў журналістам намесьнік прэм’ер-міністра Пётр Пархомчык, піша «Позірк».
«Гэта на 400 тысяч рублёў больш, чым летась», — цытуе чыноўніка прэс-служба Савета міністраў.
Чыноўнік заявіў, што ў суботніку прынялі ўдзел сама меней 2,4 мільёна чалавек.
15 красавіка прэмʼер-міністар Раман Галоўчанка падпісаў пастанову, у адпаведнасьці зь якой сабраныя ў гэты дзень сродкі накіруюць
- Гомельскаму аблвыканкаму — на рэканструкцыю мэмарыяльнага комплексу «Дзецям — ахвярам вайны» ў аграгарадку Чырвоны Бераг у Жлобінскім раёне (35% сумы),
- Берасьцейскаму аблвыканкаму — на стварэньне «рэспубліканскага цэнтру патрыятычнага выхаваньня моладзі» на базе Кобрынскага ўмацаваньня Брэсцкай крэпасьці (35%),
- на «рэканструкцыю і аднаўленьне мэмарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы» ў абласьцях і Менску (30%).
Беларускае заканадаўства забараняе прымусовую працу. Тым ня менш удзел у суботніку — перанятай у СССР практыкі ўцягваньня грамадзян у «грамадзка-карысную занятасьць» без аплаты іх працы — фактычна прымусовы, прынамсі для работнікаў бюджэтных арганізацый.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Беларусі абвясьціў чарговы суботнік. Грошы накіруюць на мэмарыяльныя комплексы ІІ усясьветнай вайны