Паводле Мінабароны Расеі, 26 дронаў зьбілі над Белгарадзкай вобласьцю, 10 — над Бранскай, 8 — над Курскай, два — над Тульскай і па адным — над Смаленскай, Разанскай, Калужскай і Маскоўскай абласьцямі.
У вёсцы Пораз Белгарадскай вобласьці ў выніку скіду двух выбуховых прыстасаваньняў з дронаў загарэўся прыватны жылы дом.
«Загінулі два мірныя жыхары — жанчына, якая ляжала зь пераломам шыйкі сьцягна, і мужчына, які даглядаў яе. Сын загінулай пасьпеў у апошні момант выбегчы з палаючага дома», — напісаў губэрнатар вобласьці Вячаслаў Гладкоў. Паводле яго, дом і хлеў цалкам згарэлі, яшчэ адзін дом моцна пашкоджаны.
У Бранскай вобласьці з прычыны падзеньня зьбітага дрона загарэўся аб’ект энэргетычнай інфраструктуры, паведаміў губэрнатар Аляксандар Багамаз. Паводле яго, над вобласьцю зьбілі 6 дронаў — на чатыры менш, чым налічыла Мінабароны.
Бесьпілётнік пашкодзіў энэргетычную інфраструктуру і ў Калужскай вобласьці, паведаміў кіраўнік рэгіёну Уладзіслаў Шапша. Пацярпелых, паводле яго, няма.
У Смаленскай вобласьці з прычыны падзеньня абломкаў зьбітага дрона загарэлася ёмістасьць з гаруча-змазачнымі матэрыяламі, напісаў губэрнатар рэгіёну Васіль Анохін. «Зьвесткі па пацярпелых удакладняюцца», — дадаў ён.
Паводле губэрнатара Курскай вобласьці Рамана Старавойта, над рэгіёнам зьбілі пяць дронаў — на тры менш, чым напісала Мінабароны. Пра пацярпелых і разбурэньні не паведамляецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Чарнігаве колькасьць ахвяр расейскага ўдару павялічылася да 18. Расея працягвае атакаваць Украіну