Гэтым разам саміт адбываўся на італьянскім востраве Капры. А пры чым тут Беларусь? Пра гэта расказвае госьць «ПіКа Свабоды» — Дзяніс Кучынскі, дыпляматычны дарадца Сьвятланы Ціханоўскай. Акрамя таго, ён адказаў на прапанову Ціханоўскай ад паплечніка Зянона Пазьняка Паўла Вусава, які заклікаў правесьці ў 2025 годзе перавыбары, паколькі яе лідэрскі мандат, на яго думку, заканчваецца.
Краіны, не прадстаўленыя ў G7, часам таксама прысутнічаюць на саміце. Гэта здараецца тады, калі гэтыя краіны або крызісы ў іх становяцца тэмай абмеркаваньня. Апрача Сьвятланы Ціханоўскай, сёлета на Капры запрасілі міністра замежных спраў Украіны, генэральнага сакратара NATO і прадстаўніка Афрыканскага зьвязу.
Цалкам інтэрвію глядзіце ў відэафармаце на Youtube.
«Запрашэньне Ціханоўскай — гэта жэст падтрымкі і ясны сыгнал ад Італіі, ад прэзыдэнцтва «Вялікай сямёркі», што Беларусь зьяўляецца важнай для гэтай краіны і самой «сямёркі». Беларусь упершыню прысутнічала на міністэрскім саміце ў рамках гэтага саміту. А на ім фармуюцца пазыцыі па большасьці сусьветных пытаньняў і крызісаў. Гэтыя краіны прадстаўляюць каля 45% сусьветнай эканомікі», — кажа Кучынскі.
Ціханоўская сустрэлася на Капры зь дзяржсакратаром ЗША Энтані Блінкенам, міністаркай замежных справаў Нямеччыны Анналенай Бэрбак, кіраўніком МЗС Вялікай Брытаніі Дэйвідам Кэмэранам, францускім міністрам Стэфанам Сэжурнэ, канадзкай міністаркай замежных справаў Мэляні Жалі, Жазэпам Бурэлем і Антоніё Таяні, міністрам замежных справаў Італіі.
«З кожным былі асобныя размовы, тэматычныя. З францускім міністрам размаўлялі пра мілітарызацыю Лукашэнкі. З Блінкенам гаварылі пра лёс палітвязьняў, спосабы іх вызваліць. Размаўлялі пра падтрымку Ўкраіны, бо дапамога для яе важная і для Беларусі. Зь нямецкай міністаркай абмяркоўвалі падтрымку палітвязьняў, незалежных СМІ, грамадзянскай супольнасьці», — зазначае Дзяніс Кучынскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Краіны G7 асудзілі рэпрэсіі ў Беларусі і запатрабавалі вызваленьня палітвязьняў«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.