«Два дні таму затрыманы паляк, які дзейнічаў у супрацоўніцтве з расейскімі службамі — меркаваны ўдзельнік замаху на жыцьцё прэзыдэнта Зяленскага. Затрыманы беларус, які працаваў на расейцаў і замовіў двум палякам забойства паплечніка Навальнага. Удзельнікі замаху таксама ўжо знаходзяцца пад вартай. Іх зьвязваюць з фанацкімі ультрас-коламі», — напісаў сёньня ў сацыяльных сетках прэмʼер-міністар Польшчы Дональд Туск.
У пятніцу ў Польшчы затрымалі двух падазраваных у нападзе на расейскага апазыцыянэра Леаніда Волкава, паведаміла Цэнтральнае сьледчае бюро. На Волкава, блізкага паплечніка нябожчыка Аляксея Навальнага, напад быў учынены ў Вільні 12 сакавіка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы затрымалі двух падазраваных у нападзе на расейскага апазыцыянэра ВолкаваНападнікі выбілі шыбу ў машыне Волкава, пырснулі яму ў вочы сьлезацечны газ і білі яго малатком. Яны зламалі Волкаву руку.
У чацьвер Нацыянальная пракуратура Польшчы паведаміла пра затрыманьне чалавека, які падазраецца ў падрыхтоўцы дзеяньняў на карысьць спэцслужбаў РФ. Грамадзяніну Польшчы Паўлу К. прадʼяўленае абвінавачаньне.
«У ягоныя задачы ўваходзіў збор і перадача вайсковай выведцы Расейскай Фэдэрацыі інфармацыі пра бясьпеку аэрапорту Жэшаў-Ясёнка. Гэта павінна было, сярод іншага, дапамагчы расейскім спэцслужбам сплянаваць магчымы замах на кіраўніка замежнай дзяржавы — прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага», — гаварылася ў паведамленьні пракуратуры.
Кіраўнік польскага ўраду Туск у сацыяльных сетках сёньня адзначыў наконт гэтых выпадкаў: «Ніякай паблажлівасьці да памагатых расейскіх службаў ня будзе. Любую здраду і спробу дэстабілізацыі выпалім жалезам».