Сталі вядомыя дэталі візыту ў КНДР намесьніка кіраўніка МЗС Беларусі

Парад у Паўночнай Карэі, Ілюстарцыйнае фота

Пра перамовы ў Пхэньяне намесьнікаў міністраў замежных спраў Беларусі і КНДР расказалі карэйскае агенцтва і расейскі ТАСС і брытанскі Reuters. У Беларусі ж афіцыйнай інфармацыі пра сустрэчу дыпляматаў не зьявілася.

18 красавіка ў Пхэньяне прайшлі перамовы паміж намесьнікам міністра замежных спраў КНДР Ім Чхон Ілем і намесьнікам кіраўніка МЗС Беларусі Яўгенам Шастаковым, які 16 красавіка прыбыў у Паўночную Карэю, паведаміла Цэнтральнае тэлеграфнае агенцтва КНДР (ЦТАК).

Агенцтва перадае, што ў ходзе перамоваў дамовіліся ўмацоўваць кантакты, у тым ліку на найвышэйшым узроўні, «у адпаведнасьці з патрэбамі зьменлівага часу», а таксама актыўна пашыраць супрацоўніцтва ў эканамічнай і культурнай сфэрах.

Беларусь і КНДР таксама маюць намер узмацняць узаемную падтрымку на міжнароднай арэне для далейшага пашырэньня і разьвіцьця «традыцыйных дружалюбных адносін і супрацоўніцтва паміж дзьвюма краінамі», гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні. Бакі абмяняліся думкамі аб рэгіянальных і міжнародных пытаньнях, якія, паводле ЦТАК, маюць узаемны інтарэс.

Беларусь і КНДР дамовіліся ўмацоўваць камунікацыю і кантакты «ў адказ на патрабаваньні эпохі, якая зьмяняецца», паведамляе ТАСС.

Сярод іншага чыноўнікі «абмяняліся думкамі аб рэгіянальных і міжнародных пытаньнях, якія маюць узаемны інтарэс», піша ТАСС.

У Беларусі ж афіцыйнай інфармацыі пра сустрэчу беларускага і карэйскага дыпляматаў не зьявілася.

Гэты візыт зьяўляецца апошнім у сэрыі дыпляматычных абменаў пасьля таго, як Пхэньян адмяніў абмежаваньні COVID-19.

У рэпартажы KCNA Кім Сон Гён, намесьнік міністра ў справах міжнародных арганізацый МЗС КНДР, раскрытыкаваў Лінду Томас-Грынфілд, амбасадарку ЗША ў ААН, за яе паездку на гэтым тыдні ў Паўднёвую Карэю і Японію, назваўшы санкцыі ААН супраць Паўночнай Карэі «беззаконнымі», піша Reuters.

Расея адмовілася ад штогадовага абнаўленьня шматнацыянальнай групы экспэртаў, якая на працягу апошніх 15 гадоў назірала за выкананьнем санкцый ААН, накіраваных на абмежаваньне ядзернай і ракетнай праграм Паўночнай Карэі. Шастакоў прыбыў у Пхэньян у аўторак, KCNA паведаміла пра гэта раней на гэтым тыдні без удакладненьня падрабязнасьцяў.

Зь мінулага месяца паўночнакарэйскія дэлегацыі наведалі краіны, уключаючы Кітай і Віетнам, а дэлегацыі з Расеі і Кітая наведалі Пхэньян. На паўднёвым баку мяжы, якая разьдзяляе дзьве Карэі,

Паўднёвая Карэя і Злучаныя Штаты ў мінулую пятніцу пачалі 15-дзённыя сумесныя паветраныя вучэньні, штогадовае мерапрыемства, прызначанае для павышэньня сумеснай гатоўнасьці ўзброеных сіл дзьвюх краін. Сілы спэцыяльных апэрацый дзьвюх краін у чацьвер таксама правялі паветрана-дэсантныя вучэньні з дэсантнікамі ў рамках штогадовых вучэньняў Korea Flying Training, паведаміла вайсковае ведамства Паўднёвай Карэі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўнік МЗС Беларусі прыбыў зь візытам у Паўночную Карэю
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паўднёвая Карэя ўвяла санкцыі супраць расейскіх кампаній за супрацоўніцтва з Паўночнай Карэяй