Уначы 18 красавіка, каля 2:40, у пункце пропуску «Меднікі» на беларуска-літоўскай мяжы адбыўся пажар, паведамляе LRT. У выніку часова спынены рух у абодвух кірунках.
Пажар адбыўся ў ангары мытні падчас агляду аўтамабіля Porsche Cayenne. У выніку пажару згарэў аўтамабіль, ангар пункту пропуску і адміністрацыйная частка будынка. Пацярпелых няма.
Раніцай Памежны камітэт Беларусі абнародаваў відэазапіс пажару.
Прыкладна да 7-й раніцы пажар патушылі. У тушэньні пажару ўдзельнічалі восем пажарных машын. Працягваецца праца над ліквідацыяй наступстваў. Прычыны пажару высьвятляюцца.
«Шкода ад пажару сапраўды значная», — пракамэнтаваў прадстаўнік дзяржаўнай памежнай аховы Гедрыс Мішуціс.
Паводле папярэдняй інфармацыі, літоўскі пункт пропуску «Меднікі» будзе зачынены да вечара 18 красавіка, паведамляе навіновы транспартна-лягістычны партал Infotrans Media Belarus.
Па стане на 12:00 на беларускім баку мяжы, у пункце пропуску «Каменны Лог» у чарзе на выезд стаялі 735 фураў і 195 легкавых аўтамабіляў.
У Дзяржаўнай памежнай службе Літвы паведамілі пра аднаўленьне пропуску аўтамабіляў і людзей праз пункт пропуску Меднікі ў кірунку выезду зь Літвы ў Беларусь у 9:35, піша LRT.
З 11:25 аднавілі пропуск аўтобусаў і грузавых аўтамабіляў, якія едуць зь Беларусі ў Літву.
З 13:30 памежнікі Беларусі і Літвы аднавілі прыём транспартных сродкаў усіх выідаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чарга фураў на мяжы Польшчы зь Беларусьсю трапіла на спадарожнікавы здымак. Яе даўжыня — амаль 50 км- З 1 сакавіка Літва закрыла пункты пропуску Лаварышкі (зь беларускага боку — Катлоўка) і Райгорад (Прывалка), у жніўні 2023 году — пункты Шумск (Лоша) і Цьверач (Відзы).
- На мяжы зь Беларусьсю засталіся два дзейныя памежныя пераходы — Меднікі (Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі), але цяпер там забаронены рух пешаходаў і раварыстаў. Акрамя таго, літоўскі ўрад скараціў на 50% колькасьць дазволаў на пасажырскія перавозкі праз гэтыя пункты.
- Літоўскія ўлады заяўляюць, што меры скіраваныя на вырашэньне праблем нацыянальнай бясьпекі, прадухіленьне кантрабанды і парушэньня міжнародных санкцый.