Ужо сёньня: дзень народзінаў палітзьняволенага журналіста Анджэя Пачобута

Анджэй Пачобут

Падзеі 16 красавіка ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дзень у гісторыі

16 красавіка 1973 году ў гарадзкім пасёлку Вялікая Бераставіца Горадзенскай вобласьці нарадзіўся Анджэй Пачобут — журналіст, грамадзкі дзеяч, сябра незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі, палітвязень.

У 2002 годзе прыйшоў у журналістыку. Працаваў у першых незалежных горадзенскіх газэтах «Пагоня», «Дзень», «Мясцовы час», рэспубліканскай газэце «Народная воля», газэце СПБ на польскай мове Głos znad Niemna («Голас з-над Нёману»). Быў рэдактарам часопіса СПБ Magazyn Polski na uchodźstwie, карэспандэнтам буйнога польскага выданьня Gazeta Wyborcza. Займаўся тэмамі, зьвязанымі з гісторый спэцслужбаў СССР, антысавецкага супраціву ў Заходняй Беларусі, Арміяй Краёвай.

За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасьні 1939-га Пачобута абвінавацілі ў «распальваньні варожасьці па нацыянальнай прыкмеце». Таксама ў матэрыялах крымінальнай справы фігуравалі заявы журналіста ў абарону польскай меншасьці ў Беларусі, артыкул пра здушэньне беларускіх пратэстаў у 2020 годзе і тэкст 2006 году пра аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падпольля на Горадзеншчыне.

У 2023-м Пачобуту вынесьлі прысуд — 8 гадоў калёніі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польскі Newsweek назваў Анджэя Пачобута «Постацьцю 10-годзьдзя»

ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ

1818 — беларускі паэт Ян Чачот уступіў у падпольнае студэнцкае таварыства філяматаў. Урачыстасьць адбылася на ўзьлеску пад Вільняй. Рэкамэндацыю Чачоту даў ягоны школьны сябра з Наваградку паэт Адам Міцкевіч. Гэтая падзея прадвызначыла як лёс удзельнікаў таварыства, так і разьвіцьцё беларускай нацыянальнай ідэі на самым яе пачатку.​

1914 — у Беларусі адбылася першая авіяцыйная катастрофа на вайсковым лётнішчы ў Лідзе. Загінулі падпаручнік Вятчынкін і мэханік Кавальчук. Яны выпрабоўвалі самалёт «Ньюпар-IV», які на вышыні 300 мэтраў раптам пайшоў уніз.​

1945 — савецкія войскі пачалі Бэрлінскую наступальную апэрацыю.​

2003 — быў падпісаны Атэнскі трактат, датычны прыняцьця ў Эўрапейскі зьвяз дзесяці дзяржаваў — Вугоршчыны, Польшчы, Кіпру, Літвы, Латвіі, Мальты, Славаччыны, Славеніі, Чэхіі ды Эстоніі.

2023 — у Вільні прайшла першая богаслужба беларускага праваслаўнага прыходу ў юрысдыкцыі Канстантынопальскага (Сусьветнага) патрыярхату.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Вялікдзень у Вільні пройдзе першая літургія праваслаўнай беларускай абшчыны ў юрысдыкцыі Сусьветнага Патрыярхату

У гэты дзень нарадзіліся

1844Анатоль Франс, францускі пісьменьнік.

1832 Альфрэд Ромэр, мастак, скульптар, этнограф, удзельнік паўстаньня 1863-1864 гадоў.

1864 Аляксандар Слупскі, беларускі і расейскі гісторык і археоляг.

1889 Чарлі Чаплін, актор, рэжысэр, сцэнарыст.

Чарлі Чаплін у канцы 1910-х гадоў


1891 Язэп Варонка — першы прэмʼер і міністар замежных спраў ураду БНР.

Язэп Варонка, каляж

1924Алег Луцэвіч, мастак і пэдагог.

1927 Бэнэдыкт XVI, папа Рымскі ў 2005–2013 гадах.

1928Алег Сурскі, дызайнэр, мастак, арт-крытык.

1931 Вацлаў Жыдліцкі, чэскі літаратуразнавец, перакладчык беларускай літаратуры.

1935 Анатоль Клышка, пісьменьнік, аўтар беларускага «Буквара», які ўпершыню выйшаў у сьвет у 1969 годзе і перавыдаваўся больш як 20 разоў. Пераклаў на беларускую мову Новы Запавет.

Алесь Клышка

1971 Натальля Зьверава, беларуская тэнісістка.

У памяці

1113 Сьвятаполк ІІ Тураўскі, князь з роду Рурыкавічаў, што ўладарыў у Тураве ў канцы ХІ стагодзьдзя.

1828 Франсыска Гоя, гішпанскі мастак.

Франсыска Гоя, аўтапартрэт

1940 Адам Багдановіч, беларускі фальклярыст, этнограф і мовазнаўца, бацька Максіма Багдановіча.

1972 Ясунары Кавабата, японскі пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры.

Ясунары Кавабата