«Я палічыла перад сваім сумленьнем, што гэты малады чалавек ня можа адбываць пакараньне на працягу дзевяці гадоў. Я яшчэ не падпісала памілаваньне, але рашэньне ўжо прынятае. Я думала пра гэта некалькі дзён. Але пакуль не было абвінаваўчага прысуду, не магла нічога сказаць», – сказала Зурабішвілі.
Яна ўдакладніла, што Грыгарыядзіс выйдзе на волю на працягу некалькіх гадзін ці дзён. Раней просьбу аб ягоным памілаваньні падавалі на імя прэзыдэнта бацькі актывіста пры падтрымцы лідэраў палітычных партый і НКА.
Прысуд Грыгарыядзісу быў вынесены ўчора, 12 красавіка, у Тбілісі. Суд прызнаў актывіста вінаватым у падпале аўтамабіля МУС і нападзе на паліцыянтаў з кактэйлямі Молатава падчас пратэстаў супраць закона аб «інаагентах» у сакавіку мінулага году.
Грыгарыядзіс не прызнаў віну. Яго адвакаты называлі крымінальную справу сфабрыкаванай і палітычна матываванай.
- Лазары Грыгарыядзіс — адзіны арыштаваны ўдзельнік пратэстаў супраць закону аб «замежных агентах». 31 сакавіка споўніўся год, як ён знаходзіцца ў СІЗА.