Нямеччына перадае Ўкраіне яшчэ адну сыстэму супрацьпаветранай абароны Patriot для адбіцьця расейскіх паветраных нападаў. Пра гэта паведамляе міністэрства абароны краіны.
Зэнітна-ракетную сыстэму выдзеляць з запасаў бундэсвэра. Як гаворыцца ў паведамленьні Мінабароны, комплекс Patriot павінен быць перададзены ўкраінскаму боку неадкладна. «Мы ідзем у нашай падтрымцы Ўкраіны так далёка, як можам гэта зрабіць з улікам нашай уласнай боегатоўнасьці», – заявіў міністар абароны Нямеччыны Барыс Пісторыюс.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падзякаваў канцлеру Нямеччыны Олафу Шольцу за прадстаўленьне дадатковай сыстэмы Patriot, сыстэм IRIS-T і Skynex, ракет і боепрыпасаў да зэнітна-ракетных сыстэм. «Заклікаю ўсіх іншых лідэраў дзяржаў-партнэраў ісьці за гэтым прыкладам», – напісаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Усе энэргаблёкі Запароскай АЭС перавялі ў стан «халоднага спыненьня»- Рашэньне аб перадачы зэнітна-ракетнага комплексу прынятае на тле масіраваных атак з боку Расеі па энэргетычнай інфраструктуры Ўкраіны. У ноч на 11 красавіка была цалкам зьнішчаная найбуйнейшая ў Кіеўскай вобласьці Трыпальская цеплаэлектрастанцыя. Удары зазналі аб'екты энэргетычнай інфраструктуры ў Харкаўскай, Запароскай, Сумскай і Львоўскай абласьцях.