У акупаванай Расеяй частцы Запароскай вобласьці заявілі пра 10 загінулых у выніку абстрэлу жылога сэктару

Жылы сэктар у акупаваным Расеяй горадзе Такмак Запароскай вобласьці трапіў пад абстрэл, загінулі дзесяць чалавек, паведамляе прызначаны расейскімі ўладамі «кіраўнік» акупаванага рэгіёну Яўген Баліцкі.

Паводле яго, сярод загінулых — трое дзяцей. Двое чалавек лічацца зьніклымі бязь вестак. Разбор завалаў працягваецца.

Раніцай 13 красавіка Баліцкі напісаў, што пацярпелі 13 чалавек, іх шпіталізавалі ў гарадзкую бальніцу. Пазьней яшчэ пяць чалавек выцягнулі з-пад завалаў. Ім надаюць неабходную мэдыцынскую дапамогу, трое знаходзяцца ў цяжкім стане.

Паводле Балицкага, у выніку атакі бяз газу засталіся 25 дамоў прыватнага сэктара і 9 шматпавярховых дамоў. Людзям, якія засталіся бяз дому, выдзелілі часовае жытло.

Атака адбылася ўвечары 12 красавіка. Баліцкі абвінавачвае ў здарэньні Ўзброеныя сілы Ўкраіны.

Украіна пакуль не камэнтавала гэтыя паведамленьні.

Радыё Свабода ня можа апэратыўна праверыць заявы афіцыйных асобаў бакоў канфлікту ва ўмовах ваеннага часу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ААН: эскаляцыя Расеяй вайны зьяўляецца экзыстэнцыяльнай пагрозай для народу Ўкраіны