На сайце СЗАТ «Бясьпечныя дарогі Беларусі» зьявілася мапа дарожных камэр, якія выкарыстоўваюцца для кантролю праходжаньня абавязковага тэхнічнага агляду аўтамабіля, заўважыў партал Av.by.
Праходжаньне абавязковага тэхагляду кантралюецца з дапамогай абсталяваньня сыстэмы маніторынгу транспартнага патоку.
Пакуль праходжаньне тэхагляду фіксуюць усяго 6 камэр: чатыры зь іх разьмясьцілі ў цэнтры Менску, і яшчэ па адной — у Ждановічах і Копішчы.
Пры фіксацыі камэрай штраф за няпройдзены тэхагляд для фізычнай асобы складзе 20 рублёў (0,5 базавай велічыні), за паўторнае парушэньне на працягу года — 80 рублёў (2 базавыя велічыні). ІП і юрыдычная асоба за аўтамабіль з адсутным тэхаглядам, калі іх «злавіла» камэра, атрымаюць 200 рублёў штрафу (5 базавых).
Каля 30% уладальнікаў аўтамабіляў езьдзяць па дарогах Беларусі бяз пройдзенага тэхагляду, паводле «Белтэхагляду».
На сайце «Бяспечныя дарогі Беларусі» таксама ёсьць карта разьмяшчэньня стацыянарных датчыкаў кантролю хуткасьці і мапа разьмяшчэньня сыстэм па вылічэньні сярэдняй хуткасьці аўтамабіля.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія аўтамабілісты сталі радзей праходзіць тэхагляд