Сілавікі затрымалі жыхара Менску за ўдзел у пратэстах 2020 году
Блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал апублікаваў ролік з затрыманым жыхаром Менску. На камэру мужчына кажа, што ўдзельнічаў у акцыях пратэсту 2020 году, дзе зрабіў некалькі фатаздымкаў на праезнай частцы. Таксама ў відэа яго прымусілі сказаць, што ён пакідаў «асуджальныя камэнтары» на адрас сілавікоў.
Як высьветліла «Медиазона» знайшла старонку затрыманага ва «Укантакце» — там ён падпісаны як Дзьмітры Лугавы.
Паводле якога артыкулу затрымалі мужчынц і дзе ён цяпер знаходзіцца, невядома.
Беларускага прадпрымальніка затрымалі за данаты, яму пагражае да 15 гадоў зьняволеньня
Суд над прадпрымальнікам Артурам Ролічам пачнецца 23 красавіка ў Менскім гарадзкім судзе, яму пагражае да 15 гадоў зьняволеньня, паведамляе «Наша Ніва».
Паводле інфармацыі выданьня, Артуру Ролічу выставілі абвінавачаньні па пяці артыкулах Крымінальнага кодэксу, усе датычаць ахвяраваньняў розным беларускім ініцыятывам:
- ч. 1 і ч. 2 арт. 290-1 КК («фінансаваньне тэрарыстычнай дзейнасьці»),
- ч. 1 і ч.2 арт. 361-2 КК («фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці»),
- арт. 361-2 КК («фінансаваньне дзейнасьці экстрэмісцкага фармаваньня»).
Артуру Ролічу 39 гадоў. Ён мянчук, зь дзяцінства жыў у Курасоўшчыне. Захапляецца спортам, асабліва футболам, нават раней гуляў у аматарскіх лігах на пазыцыі брамніка. Пасьля школы працаваў у прыватных фірмах на розных пасадах, у 2013-м адкрыў уласны бізнэс — краму Grandbazaare, у якой прадаваў брэндавае адзеньне і абутак.
З 2023 году Роліч перавёў старонкі свайго бізнэсу на беларускую мову. Апошняе паведамленьне ў суполцы ягонага бізнэсу датуецца 27 ліпеня 2023-га году: тады ён расказаў, што «зьяжджае ў адпачынак, але вернецца 15 жніўня». Імаверна, па вяртаньні з адпачынку Артура затрымалі, піша выданьне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 12 красавіка: украінца затрымалі за камэнтары ў адрас расейскіх вайскоўцаў