«Чатыры гады надзеі і супраціву — актывістка была ў Беларусі да апошняга: пратэставала, валянтэрыла, прынцыпова перайшла на беларускую мову. Была актыўнай, нягледзячы на пагрозы. Але ў апошні час рызыкі сталі максымальнымі, і дзяўчына была эвакуаваная BySol», — напісаў праваабаронца.
Стрыжак адзначае, што Мірсалімава — родная сястра Эльвіры Мірсалімавай, якая стала «па іншы бок барыкад і цяпер бароніць „русский мир“ у Беларусі».
«Гэтае жыцьцё і нашая праца значна цікавейшая за кіно», — падсумаваў Стрыжак.
Эльвіра Мірсалімава — адна з самых вядомых у Беларусі прарасейскіх актывістак. На сваіх старонках у сацсетках падтрымлівае расейскую агрэсію ва Ўкраіне, выступае фактычна за далучэньне Беларусі да РФ, выказвае сымпатыі да СССР і Ёсіфа Сталіна.
У камэнтары «Позірку» 1 красавіка Стрыжак адзначыў, што ў 2024 годзе павялічылася колькасьць збораў сродкаў для людзей, эвакуаваных зь Беларусі.
«Служба эвакуацыі пачала працаваць з большай колькасьцю кейсаў, хоць іх ніколі не было мала, — канстатаваў сузаснавальнік фонду. — Улічваючы, што на пачатку году прайшла вялікая аблава на сваякоў [палітвязьняў], гэта прывяло да росту выпадкаў, калі выяжджаюць цэлыя сем’і, якія раней падтрымлівалі сваякоў у зьняволеньні, таму што ўсе яны былі так ці інакш задзейнічаныя ў праграме дапамогі і іх у выніку могуць усіх перасаджаць».
Сытуацыя складаная, эвакуацыя працуе, гэтай працы, паводле слоў Стрыжака, «дастаткова шмат», «адпаведна, і шмат падобных збораў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прарасейская актывістка Мірсалімава ў Віцебску адседзела двое сутак у ізалятары і расказала пра ўражаньні