Адзначаецца, што першы ў гісторыі «Сусьветны індэкс кібэрзлачыннасьці», апублікаваны «пасьля трох гадоў інтэнсіўных дасьледаваньняў», паказвае, што найбольшая пагроза ў гэтай сфэры паходзіць ад невялікай колькасьці краін. Сьпіс узначальвае Расея. За ёй ідуць Украіна, Кітай, ЗША, Нігерыя, Румынія, Паўночная Карэя, Вялікая Брытанія, Бразылія, Індыя, Іран. Беларусь займае 12 месца ў глябальным рэйтынгу і чацьвёртае — сярод дзяржаў Эўропы.
Сярод краін, якія ствараюць тэхнічныя прадукты для кібэрзлачыннасьці, Беларусь заняла сёмае месца, абагнаўшы Паўночную Карэю, Іран і Нігерыю.
Дасьледнікі адзначаюць, што рэйтынг складзены па выніках «апытаньня 92 вядучых экспэртаў па кібэрзлачыннасьці з усяго сьвету». У WCI не прадстаўленыя даныя па шэрагу дзяржаў, сярод якіх Люксэмбург, Ватыкан і Бутан.
«Сусьветны індэкс кібэрзлачыннасьці», на думку яго стваральнікаў, дазволіць дзяржаўнаму і прыватнаму сэктарам «засяродзіць свае рэсурсы на ключавых цэнтрах кібэрзлачыннасьці і марнаваць менш часу і сродкаў на меры процідзеяньня ў краінах, дзе праблема не такая істотная».
«Дасьледаваньне... дапаможа зьняць заслону ананімнасьці вакол кібэрзлачынцаў, і, мы спадзяёмся, дапаможа ў барацьбе з пагрозай кібэрзлачыннасьці, накіраванай на атрыманьне прыбытку, — падкрэсьліла доктар Міранда Брус з унівэрсытэту Новага Паўднёвага Ўэльсу. — Цяпер у нас ёсьць глыбейшае разуменьне геаграфіі кібэрзлачыннасьці і таго, як розныя краіны спэцыялізуюцца на розных яе відах».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь заняла 39-е месца ў сусьветным індэксе кібэрбясьпекі11 красавіка старшыня Сьледчага камітэту Беларусі Дзьмітрый Гара на канфэрэнцыі «Супрацьдзеяньне злачынствам з выкарыстаньнем лічбавых актываў» заявіў, што за 2023 год у Беларусі зьдзейсьнена каля 20 тыс. злачынстваў з выкарыстаньнем інфармацыйных тэхналёгій.
Паводле яго слоў, гэта складае «21% ад агульнай колькасьці злачыннасьці ў нашай краіне».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як хлопцы з Рэчыцы робяцца ўсясьветна вядомымі хакерамі