У Варшаве зьмянілі правілы падачы іншаземцамі дакумэнтаў на дазвол на жыхарства

Варшава

Управа Мазавецкага ваяводзтва Польшчы паведаміла аб зьменах у працэдуры выдачы дазволу на часовае пражываньне ў Польшчы для іншаземцаў.

Цяпер замест запісу праз каляндар inPOL, у якім пастаянна не было вольных датаў, увялі форму для запісу бяз даты, паведаміла ваяводзтва на афіцыйнай старонцы.

Гэта вынік рашэньня мазавецкага ваяводы наконт нядобрасумленных «пасярэднікаў», якія бралі плату за запіс у чаргу на падачу дакумэнтаў. Рэзэрваваньне датаў на падачу дакумэнтаў праз каляндар inPOL закрылі з 12 красавіка. Цяпер можна будзе запісацца без пазначэньня даты, але зь пералічэньнем асабовых зьвестак.

Калі пры разглядзе заяўкі на запіс на прыём выявяць парушэньні, напрыклад выкарыстаньне ботаў, заяўку могуць адхіліць і адмовіць у абслугоўваньні.

Пры гэтым новая сыстэма распаўсюджваецца толькі на падачу дакумэнтаў на часовы дазвол на пражываньне. На дазвол на пастаяннае пражываньне і атрыманьне іншых дакумэнтаў застаецца працаваць каляндар inPOL.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы раскрываецца ўсё больш дэталяў махінацый зь візамі PBH

Іншыя ваяводзтвы Польшчы карыстаюцца рознымі сыстэмамі — дзесьці з запісам праз падобны каляндар, дзесьці безь яго. Акрамя таго, у некаторых гарадах Польшчы, у тым ліку сталіцы Варшаве, дакумэнты можна высылаць поштай, а не аддаваць пры асабістым візыце.

Зьмены ў правілы падачы, імаверна, увялі з прычыны шматлікіх фактаў продажу месцаў у чэргах, што мае месца ня першы год. Зь нядобрасумленнымі пасярэднікамі змагаюцца таксама ў справе выдачы польскіх візаў: з 4 красавіка зьмяніліся правілы запісу на падачу дакумэнтаў на сайце «VFS», польскія ўлады ўвялі вэрыфікацыю з дапамогай фота. Аднак шэраг людзей, пра якіх вядома рэдакцыі, запісацца на падачу ня здолелі — сыстэма яшчэ не адладжана належным чынам і часьцяком «не чытае» фатаздымкаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве прапанавалі ануляваць ДНЖ беларусам, якія часта езьдзяць на радзіму. Ціханоўская пракамэнтавала