Кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін на перамовах у Крамлі з Аляксандрам Лукашэнкам заявіў аб пасьпяховым разьвіцьці адносін паміж Расеяй і Беларусьсю, перадае агенцтва БелТА.
«Нам ёсьць пра што пагаварыць. Я маю на ўвазе нашы эканамічныя адносіны. Яны разьвіваюцца, і разьвіваюцца пасьпяхова. Прадэманстравалі ў мінулым годзе добрыя тэмпы росту эканомікі, і цяпер усё на ўздыме», — сказаў Пуцін.
«Пагаворым і аб пытаньнях бясьпекі, і на заходніх межах Беларусі», — дадаў ён.
Лукашэнка, у сваю чаргу, заявіў, што без удзелу Расеі ў перамовах аб Украіне ніякага мірнага працэсу быць ня можа.
«Калі яны хочуць у Швайцарыі (яны ж гэта называюць „мірнай канфэрэнцыяй“) бяз нас гаварыць аб міры ва Ўкраіне, Бог зь імі. Наша пазыцыя заключаецца ў тым, што яны могуць там дамовіцца толькі, як узмацніць эскаляцыю гэтага канфлікту. Без Расеі які можа быць мірны там працэс? Ня можа быць мірнага працэсу», — сказаў Аляксандар Лукашэнка.
Ён таксама дадаў, што падчас апошніх сустрэч ён і Пуцін заўсёды абмяркоўваюць сытуацыю ва Ўкраіне, у тым ліку магчымасьць мірнага ўрэгуляваньня канфлікту. Таксама Лукашэнка сказаў, што дамаўляцца ня хоча ўкраінскі бок.
У частцы перамоваў, на якой прысутнічалі журналісты, Пуцін спытаўся ў Лукашэнкі, як справы на заходняй мяжы Беларусі. Лукашэнка адказаў, што там трывожна і што яго найбольш непакоіць палітыка польскага кіраўніцтва: «Навошта ім гэтая канфрантацыя?».
- Апошнім часам у рыторыцы Аляксандра Лукашэнкі прысутнічаюць шматлікія абвінавачваньні Літвы, Польшчы і блёку NATO у агрэсіўнай палітыцы адносна Беларусі і нават аб падрыхтоўцы да вайны. Нядаўна кіраўнік Беларусі наведваў войскі каля заходняй мяжы.
- 11–12 красавіка Лукашэнка наведвае Расею з працоўным візытам: 11 красавіка адбываюцца яго перамовы сам-насам з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, 12 красавіка ён паўдзельнічае ў імпрэзах з нагоды Дня касманаўтыкі.
- Гэта 19-я паездка Лукашэнкі ў Расею за апошнія два гады, а з 2000 году — 150-я.