Расейская авіякампанія Red Wings удвая зьнізіла норму вагі і зьменшыла габарыты ручной паклажы на сваіх рэйсах, піша тэлеграм-канал Асацыяцыі турапэратараў Расеі.
У авіякампаніі ёсьць рэйсы ў Менск з Расеі, у тым ліку з Уфы. З 21 красавіка павінны запусьціць рэйс з Архангельску.
На сайце авіяперавозьніка сказана, што новыя нормы дзейнічаюць для білетаў, набытых з 11 красавіка 2024 году з датай вылету з 20 траўня. Габарыты зьменшылі да 40×30×20 см (раней было 55×40×25 см), а вагу — да 5 кг (раней дазвалялася 10 кг).
Старыя памеры засталіся для білетаў, купленых да 11 красавіка з датай вылету з 20 траўня, а таксама пасьля 11 красавіка, але з датай вылету да 20 траўня.
Дадаткова да ручной паклажы ў салён, пры пэўных умовах, можна ўзяць заплечнік з габарытамі 40×30×20 см і вагой да 3 кг, жаночую торбу ці партфэль.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Southwind Airlines скасаваў палётную праграму Менск — Стамбул ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці бясьпечна лятаць самалётамі «Белавія» пасьля ўводу санкцый? Расказваюць былыя супрацоўнікі кампаніі