Камітэт правоў чалавека ААН зарэгістраваў індывідуальны зварот супраць Беларусі былога палітзьняволенага, сябра ініцыятыўнай групы па вылучэньні Сьвятланы Ціханоўскай на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году Зьмітра Фурманава, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
«У Камітэт мы падаваліся разам зь юрыстам „Вясны“ — ён дапамог мне зрабіць скаргу на дзяржаву аб тым, што мае правы былі парушаныя, — расказаў „Вясьне“ Зьміцер Фурманаў. — І далей мы будзем чакаць адказу ад дзяржавы.
Шлях да гэтай скаргі быў такі. Калі я апынуўся за мяжой, то бок не ў Беларусі, я празь некаторы час вырашыў, што трэба адстойваць свае правы. Была магчымасьць зьвярнуцца ў КПЧ ААН. І такім чынам мы падалі гэтую скаргу. Я думаў, што больш часу пройдзе перад рэгістрацыяй скаргі, бо ўсё ж такі шмат людзей зьвяртаецца да гэтага Камітэту, ня толькі беларусы. Прайшоў год і два месяцы, і я быў зьдзіўлены такой хуткасьцю. Я разумею, што гэта доўгі шлях, што будзе не адзін год, таму да гэтых выпрабаваньняў мы гатовыя».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ААН апублікавалі рашэньне аб скарзе беларусак на ўмовы ў зьняволеньні ў Менску і ЖодзінеРаней Беларусь выйшла з факультатыўнага пратаколу да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Гэта значыць, што Менск больш ня хоча прымаць скаргі, пададзеныя праз адпаведныя працэдуры ААН.
«Калі Беларусь не адкажа, то адсутнасьць адказу — гэта таксама адказ, — сказаў Фурманаў у размове зь „Вясной“. — Гэта значыць, што дзяржаве няма чаго сказаць у сваю абарону».
Вось як былы палітвязень апісвае парушэньні, згаданыя ў звароце ў КПЧ ААН:
«Мяне схапілі гвалтоўна, без прадстаўленьня ці просьбаў прайсьці кудысьці. Проста схапілі, закінулі ў аўтобус, яшчэ ўдарылі ў твар. Гэта было першае парушэньне. Потым, я лічу, што былі парушэньні ва ўмовах СІЗА і ў іншых месцах за кратамі, таксама мяне шмат і на карцары адпраўлялі. І ў прынцыпе трымалі ва ўмовах абмежаваньня волі [незаконна].
То бок я нічога не зрабіў, пад што можна падвесьці, што я злачынец. Я, наадварот, усё рабіў згодна з законамі Беларусі, то бок зьбіраў подпісы, як патрабуе Выбарчы кодэкс. Усё ў рамках закону, але ж не — такім чынам апынуўся за кратамі, і паўтара года мяне трымалі як у закладніках. І вось гэтыя ўсе пералічаныя парушэньні былі і накіраваныя ў Камітэт па правах чалавека ААН».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як элітная калёнія для былых чыноўнікаў і сілавікоў ператвараецца ў палітычную турму. Гісторыя «Віцьбы-3»У скарзе Зьмітра Фурманава супраць Беларусі пералічаныя дзесяць парушэньняў артыкулаў Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах:
- Фурманаў быў затрыманы 29 траўня 2020 году ў Горадні падчас пікету па зборы подпісаў за вылучэньне Ціханоўскай. У той жа дзень быў затрыманы Сяргей Ціханоўскі.
- 20 траўня 2021 году Фурманава асудзілі на 2 гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
- 21 кастрычніка 2021 года палітвязень выйшаў на волю з калёніі № 3 (пасёлак Віцьба, Віцебскі раён) і неўзабаве зьехаў зь Беларусі.
- Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала Фурманава вязьнем сумленьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рада правоў чалавека ААН падоўжыла мандат спэцдакладчыцы аб Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ААН можа расцаніць рэпрэсіі ў Беларусі як злачынства супраць чалавечнасьці