Урад Літвы ініцыяваў працяг забароны рэтрансьляцыі беларускіх і расейскіх тэлеканалаў і радыёстанцый

Ілюстрацыйнае фота

Тэрмін дзеяньня ўведзенай летась забароны заканчваецца сёлета ў кастрычніку. Гэта прадугледжвае закон Літвы аб публічнай інфармацыі.

Урад Літвы падтрымаў ініцыятыву Міністэрства культуры аб падаўжэньні забароны, уведзенай летась на рэтрансьляцыю расейскіх і беларускіх тэлеканалаў і радыёстанцый.

Як паведаміла выданьне LRT, цяпер гэтую забарону прапануюць прадоўжыць да таго часу, пакуль Стратэгія нацыянальнай бясьпекі Літвы будзе разглядаць Расею і Беларусь небясьпечнымі і пагражальнымі для Літвы.

Тэрмін дзеяньня ўведзенай летась забароны заканчваецца сёлета ў кастрычніку. Гэта прадугледжвае закон Літвы аб публічнай інфармацыі.

Цяпер ініцыятыву ўраду мусіць падтрымаць парлямэнт Літвы.

Адначасова ў Сейме Літвы пачалі абмеркаваньне магчымасьці ўвядзеньня новых абмежаваньняў для грамадзян Беларусі, якія маюць дазвол на пражываньне на літоўскай тэрыторыі. У прыватнасьці, парлямэнцкі камітэт нацыянальнай абароны прапанаваў абмежаваць для такіх беларусаў колькасьць паездак на радзіму – да аднаго разу на год.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве заблякуюць IP-адрасы, празь якія трансьлюецца расейская прапаганда

У верасьні 2023 году Камісія тэлевізіі і радыё Літвы (LRTK) ухваліла рашэньне аб блякаваньні 53 IP-адрасоў, празь якія працягвалі трансьлявацца асноўныя расейскія прапагандысцкія каналы, забароненыя ў Літве.