Вераніка Цапкала распаўсюдзіла праз Фэйсбук заяву пра тое, што ёй стала вядома аб продажы праз электронны аўкцыён «БелЮрзабесьпячэньне іх сямейнай кватэры па вуліцы Чарнышэўскага ў Менску.
«Гэтая кватэра была набытая мной і маім мужам у шлюбе, таксама на яе маюць права двое нашых сумесных дзяцей», — піша яна.
«Я яшчэ раз зьвяртаюся да Генэральнага пракурора А.І. Шведа растлумачыць мне, якімі прававымі актамі або пастановамі рэгулюецца правапрымяняльная практыка ў Рэспубліцы Беларусь, у адпаведнасьці зь якой нерухомая маёмасьць сэрыйных забойцаў, гвалтаўнікоў, людзей, якія зьдзяйсьняюць злачынствы супраць чалавечнасьці застаецца ў распараджэньні іх сем’яў, але адбіраецца з семʼяў грамадзян, якія не зьдзяйсьнялі злачынствы супраць чалавечнасьці? Я паўторна накіроўваю зварот на імя Генэральнага пракурора і міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь з патрабаваньнем растлумачыць працэдуру вяртаньня скрадзенай маёмасьці і прычыну пазбаўленьня непаўналетніх дзяцей адзінага месца пражываньня ў краіне, дзе яны нарадзіліся і грамадзянамі якой яны зьяўляюцца», — піша Цапкала.
Вераніка зьвяртаецца і да людзей, якія набылі кватэру па значна заніжанай цане:
«Я ў чарговы раз зьвяртаюся да тых грамадзян, якія „сарвалі халяву“ і ўсё ж набылі нашу кватэру па значна заніжаным кошце! Вы выдатна ведаеце, у чыёй уласнасьці знаходзіцца гэта маёмасьць і што ў ёй пражываюць двое непаўналетніх дзяцей. Вы і ваша сямʼя павінны дакладна разумець, што пасьля вяртаньня ў Беларусь мы прыйдзем да вас, з простымі беларусамі, прэсай, усімі тымі, хто не падтрымлівае скупшчыкаў крадзенага і вы абавязаны будзеце выселіцца з нашай кватэры і аплаціць арэндную плату за ўвесь тэрмін пражываньня!»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кватэру Цапкалаў у Менску прадалі на аўкцыёне з другой спробы«БелЮрЗабесьпячэньне» за другі раз прадало кватэру былога прэтэндэнта на прэзыдэнцкую пасалу Валерыя Цапкалы і ягонай жонкі Веранікі праз электронны аўкцыён. 9 красавіка на яе знайшліся патэнцыйныя пакупнікі. Зь першага разу кватэру сям’і Цапкалаў прадаць ня здолелі: на аўкцыён не паступіла ніводнай заяўкі і таргі скасавалі.
Папярэднюю цану з таргоў у лютым панізілі на 71 тысячу беларускіх рублёў — да 286 753,76 руб. Час аўкцыёну 9 красавіка некалькі разоў працягвалі, і ў выніку кватэру прадалі за 395 720.27 руб.
Трохпакаёвая кватэра Цапкалаў месьціцца ў доме № 5 на вуліцы Чарнышэўскага ў Менску. Агульная плошча жытла — 103,7 кв. м. У кватэры зарэгістраваны адзін чалавек. Разам з жытлом прадавалася парковачнае месца на падземнай аўтастаянцы.
Вераніка Цапкала, калі даведалася, што ўлады выставілі кватэру на продаж, заявіла, што яна належыць яшчэ і непаўналетнім дзецям, што, згодна з законам, не дазваляе адчужаць маёмасьць.
Хто такія Валер і Вераніка Цапкалы
Валер Цапкала ў мінулым кіраваў беларускім Паркам высокіх тэхналёгій. Для ўдзелу ў прэзыдэнцкай кампаніі 2020 году ён сабраў ініцыятыўную групу. Аднак ЦВК адмовіла яму ў рэгістрацыі бо нібыта сабраных подпісаў пасьля праверкі выявілася менш за сто тысяч. Калі палітыка не дапусьцілі да ўдзелу ў выбарах, ягоная жонка Вераніка далучылася да аб’яднанага штабу Сьвятланы Ціханоўскай.
Сам палітык пакінуў краіну ў ліпені 2020 году, баючыся крымінальнага перасьледу. Пазьней да яго ў Латвію пераехалі жонка і дзеці.
6 студзеня 2021 году Валер Цапкала абвясьціў аб стварэньні Беларускага дэмакратычнага форуму, які мусіў быць супрацьвагай арганізаванаму Лукашэнкам «усебеларускаму нацыянальнаму сходу».
У красавіку 2023 году Менскі абласны суд завочна прысудзіў яму 17 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у памеры 1000 базавых велічынь, а таксама пазбавіў права займаць пасады, зьвязаныя з выкананьнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, на працягу 5 гадоў.