Адзін зь лідэраў беларускай дыяспары Падляшша, дырэктар ліцэю зь беларускай мовай навучаньня ў Гайнаўцы Ігар Лукашук на мясцовых выбарах, якія прайшлі ў Польшчы 7 красавіка, быў перавыбраны дэпутатам сэйміку Падляскага ваяводзтва, паведамляе «Белсат».
Ён балятаваўся паводле сьпісу «Грамадзянскай кааліцыі» ад пяці паветаў Падляскага ваяводзтва (Беластоцкага, Бельскага, Высокамазавецкага, Гайнаўскага і Сямятыцкага).
Ігар Лукашук нарадзіўся ў Гайнаўцы ў 1978 годзе. З 2018 году зьяўляецца дэпутатам сэйміку Падляскага ваяводзтва, з 2014-га па 2018 год быў кіраўніком рады горада Бельску Падляскага.
Падчас перапісу 2021 году, які праходзіў у Польшчы, Лукашук актыўна агітаваў этнічных беларусаў на Беласточчыне, каб пазначалі сябе як беларусаў. Ён атрымаў мэдаль «Гонар і годнасьць» ад Аб’яднанага пераходнага кабінэту Беларусі за захаваньне беларускамоўнага статусу сваёй навучальнай установы.
У гэтых выбарах у якасьці кандыдатаў удзельнічалі і іншыя этнічныя беларусы і ўраджэнцы Беларусі, але з тых, пра каго ведае «Белсат», мандат атрымаў толькі Лукашук.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У мясцовых выбарах у Польшчы ўдзельнічаюць і беларусы. Што пра іх вядома