Другі дзень запар у Беларусі абнаўляецца абсалютны тэмпэратурны рэкорд за ўвесь пэрыяд інструмэнтальных мэтэаназіраньняў, сьведчыць праведзены «Позіркам» параўнальны аналіз апэратыўных і архіўных зьвестак Белгідрамэту.
У горадзе Мазыры Гомельскай вобласці паветра прагрэлася да 27,2 градуса цяпла — на 1,5 градуса вышэй за папярэдні максымум, зафіксаваны 9 красавіка 2018 году ў Берасьці.
Дзявятага красавіка лякальныя экстрэмумы абноўленыя на ўсіх мэтэастанцыях краіны.
- у Менску тэмпэратура дасягнула 25,5 градуса (папярэдні рэкорд — 20,8 у 2018 годзе),
- у Берасьці — 27,1 (25,7 градуса ў 2018-м),
- Горадні — 26,4 (24 градуса ў 2018-м),
- Магілёве — 26,2 (22,8 градуса ў 1986-м),
- Віцебску — 25,8 (19,4 градуса ў 2018-м),
- Гомлі — 24,7 (20,1 градуса ў 2016-м).
Самы стары перапісаны рэкорд адносіцца да 1975 году (24,8 градуса супраць 18,4 градуса ў Слаўгарадзе). А 22 рэкорды трымаліся з 1986 году.
Найбольшая розьніца паміж новым і старым максымумамі: у Сянно — 7,9 градуса (26 супраць 18,1 у 2001 годзе) і Оршы — 6,8 (25,3 супраць 18,5 у 2018-м).
Напярэдадні, 8 красавіка, рэкорды дня былі перапісаны на 80% мэтэастанцыяў, абнавіўся таксама абсалютны максымум (26 градусаў у Горадні супраць 23,9 у Лельчыцах у 1986 годзе).
10 красавіка захаваецца анамальна цёплае надвор’е. Па ўсходняй палове Беларусі чакаецца да 27 градусаў цяпла. Рэкорд дня — 25,4 градуса ў Пінску (у 2018 годзе). А ўжо 11 красавіка пахаладае на 8-10 градусаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сёлетні сакавік стаў самым цёплым за ўсю гісторыю назіраньняў- Сёлетні сакавік стаў самым цёплым у сьвеце за ўсю гісторыю назіраньняў, сьведчаць зьвесткі Эўрапейскай служба маніторынгу зьменаў клімату Copernicus.
- Паводле Copernicus, кожны з папярэдніх дзевяці месяцаў таксама быў рэкордна цёплы, а агулам з красавіка 2023 па сакавік 2024 году сярэдняя глябальная тэмпэратура была на 1,58 градуса Цэльсія вышэйшая за сярэднюю тэмпэратуру ў даіндустрыяльны пэрыяд 1850–1900 гадоў. 2023 год стаў самым сьпякотным годам на плянэце за ўсю гісторыю сыстэматычных назіраньняў.