Навіны палітвязьняў: асуджанага на 20 гадоў калёніі Гундара яшчэ на год пазбавілі харчовых перадач

Уладзімер Гундар, архіўнае фота 2016 году

Асуджанага на 20 гадоў калёніі палітвязьня з інваліднасьцю Ўладзімера Гундара пазбавілі прадуктовых перадач яшчэ на год, паведамляе «Радыё Рацыя» са спасылкай на сваю крыніцу.

Мінулая забарона на атрыманьне прадуктовай перадачы дзейнічала з 24 верасьня 2023 па 24 верасьня 2024 году.

Цяпер Уладзімер Гундар знаходзіцца ў адзіночнай камэры.

«Паводзіць сябе ніжэй травы, цішэй вады. Таму сам ня ведае, за што. Магчыма, у іх там па пляне штосьці такое бывае», — расказала крыніца «Радыё Рацыя».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Зьняволенага інваліда Ўладзімера Гундара пазбавілі перадач і спатканьняў
  • 63-гадовы краязнаўца з Баранавічаў Уладзімер Гундар — інвалід 2-й групы, у палітвязьня няма адной нагі вышэй калена. У СІЗА Уладзімер Гундар часткова страціў слых на адно вуха, пазьней слых аднавіўся, але вязьню дагэтуль трэба прымаць спэцыяльныя лекі. Вядома, што ў Гундара павышаны ціск, ён перанёс гіпэртанічны крыз у зьняволеньні.
  • У 2022 годзе Ўладзімера Гундара, ужо асуджанага за напад на міліцыянта, асудзілі на 18 гадоў зьняволеньня ў крымінальнай справе аб тэрарызьме, так званай «справе Аўтуховіча».
  • У канцы студзеня 2023 году Ленінскі суд Горадні асудзіў Гундара за абразу супрацоўніцы пракуратуры яшчэ на два з паловай гады пазбаўленьня волі. Частковым складаньнем пакараньняў канчаткова Гундара асудзілі на 20 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
  • Сваёй віны Ўладзімер Гундар не прызнаў, беларускія праваабаронцы назвалі яго палітычным вязьнем.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рак, хворае сэрца, патрэба ў перасадцы органаў. Хто зь беларускіх палітвязьняў мае за кратамі вялікія праблемы са здароўем
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта не апошняя сьмерць». Як выжываюць палітвязьні ў атрадзе для людзей з інваліднасьцю