У Беларусі больш ня будуць прысуджаць вучоныя ступені ў галіне эўрапейскага права, вынікае з пастановы Вышэйшай атэстацыйнай камісіі (ВАК) № 3 ад 27 сакавіка.
Дакумэнт, апублікаваны 10 красавіка на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, уносіць зьмяненьні ў пералік намэнклятуры спэцыяльнасьцяў навуковых работнікаў — клясыфікатар, які выкарыстоўваецца для падрыхтоўкі асьпірантаў і дактарантаў, вызначэньня кірункаў іх дысэртацый і наступнага прысуджэньня ступеней кандыдата або доктара навук, піша «Позірк».
З улікам новай пастановы ВАК спэцыяльнасць «Міжнароднае права; эўрапейскае права» (шыфр 12.00.10 групы «юрыдычныя навукі» ў галіне сацыяльна-эканамічных і грамадзкіх навук) зараз будзе называцца «Міжнароднае права; права рэгіянальнай інтэграцыі».
Эўрапейскае права — сукупнасьць нормаў, якая ўключае ў сябе эўрапейскае інтэграцыйнае права, сыстэму абароны правоў чалавека, іншыя палажэньні эўрапейскіх міжнародных дамоваў. Прымяняецца да права Эўразьвязу і Рады Эўропы.
Паняцьце «права рэгіянальнай інтэграцыі» часьцей за ўсё згадваюць у краінах былога СССР, маючы на ўвазе прававыя асновы інтэграцыйных утварэньняў на постсавецкай прасторы. Асобныя крыніцы прапануюць атаясамляць яго з паняцьцем «эўразійскае права», якое стала фармавацца ў процівагу эўрапейскаму праву на хвалі канфрантацыі Расеі і Захаду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бяз сайта і адкрытай прыёмнай кампаніі. Расказваем пра паўсакрэтную ўстанову, якая рыхтуе кадры для КДБ Беларусі